viasna on patreon

Суд Жодзіна не задаволіў скаргу на забарону ўладамі пікетавання 4 жніўня

2014 2014-09-22T11:03:25+0300 2014-09-22T11:03:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/trapashka_suddzia_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суддзя Таццяна Трапашка

Суддзя Таццяна Трапашка

У Жодзінскім судзе пад старшынствам суддзі Таццяны Трапашка з 9 па 16 верасьня 2014 году праходзіла  судовае разбіральніцтва па скарзе праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Аляксея Лапіцкага ды Святланы Лапіцкай.
Заяўнікі абскарджвалі забарону на правядзенне пікетавання 4 жніўня 2014 году з мэтамі падтрымкі асуджанага на 6 гадоў пазбаўлення волі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Міколы Статкевіча ды іншых палітвязняў у Беларусі, а таксама выказванне пратэсту супраць вайсковай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Жодзінскі выканкам, як заўсёды, забараніў мірныя сходы грамадзянаў з спасылкай на адсутнасць дамоваў, далучаных да заяўкі, у адпаведнасці з ч.2 п.5 мясцовага Рашэння №1020 ад 2012 году). Пры гэтым, чыноўнікі нават зусім не даслалі адказ заяўнікам, якія азнаёміліся з ім толькі ў судзе. Па выніку зварота заяўнікоў па заключэнні патрабуемых выканкамам дамоваў: Жодзінскі ГАЎС сваечасова не адказаў, а потым адмовіў у сувязі з забаронаю мерапрыемства, лякарня заключыла спрэчную па калькуляцыі камэрцыйную дамову з 30% рэнтабэльнасці ды яшчэ з патрабаваннем 100% перадаплаты, а ЖКГ са спасылкаю на цяжкасьці з пэрсаналам адмовілася нават ад 10 млн. BYR чыстага прыбытку ў тым выпадку, калі за пікетоўцамі спатрэбіцца хоць нешта прыбраць пасля правядзеньня імі мерапрыемства.

У сувязі з пазначанымі ў скарзе канкрэтнымі парушэннямі заканадаўства заяўнікі прасілі суд:

1) устанавіць факты парушэнняў заканадаўства альбо адсутнасці такіх у дзеяннях адзначаных суб’ектаў гаспадараньня і выканаўчай ўлады (Жодзінскага выканкаму, Галоўпаштампту, ЖКГ, ГАЎС, лякарні), да якіх былі зробленыя заяўкі для заключэння патрабуемых дамоваў;
2) устанавіць, што перашкодаю ў атрыманні дазволу на правядзенне мірнага сходу (пікетавання) грамадзянаў у Жодзіне чарговы раз з'явілася немагчымасць практычнай рэалізацыі рашэння Жодзінскага выканкаму за №1020 ад 27.07.2013 году «Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Жодзіне» у сувязі з тым, што ч.2, п. 5 гэтага рашэння па рознаму трактуецца суб’ектамі гаспадарання і падпісанне патрабуемых гэтым рашэннем дамоваў немагчыма рэалізаваць на практыцы;
3) устанавіць, што дадзены дакумэнт (рашэнне №1020 выканкаму) не адпавядае патрабаванням, прад’яўляемым да закону і ня можа быць падставаю для абмежавання канстытуцыйнага права грамадзянаў Беларусі на мірныя сходы й свабоду выказвання меркаванняў;
4) устанавіць, што забарона заяўленага ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзейснага закона мірнага сходу грамадзянаў адбылася не на падставе закону й без уліку імпэратыўных патрабаванняў нормаў, выкладзеных у арт. 21 МПГіПП, арт. 35 і арт. 23 Канстытуцыі Беларусі, а таму ня можа лічыцца правамернай;
5) паставіць перад вышэйшымі кампетэнтнымі судовымі інстанцыямі (ВС і КС Рэспублікі Беларусь) пытанні:
а) аб прызнанні неправамернымі дадатковых патрабаванняў (у параўнанні з дзейсным законам, Канстытуцыяй і МПГіПП), якія выстаўляюцца да заяўнікоў «мірных сходаў» (масавых мерапрыемстваў) у ч.2, п.5 рашэння №1020 Жодзінскага выканкаму;
б) аб прызнанні дадзенага нарматыўна-праўнага акту супярэчным закону, Канстытуцыі ды Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах з-за наяўнасці праўнай нявызначанасці (у тым ліку),
в) аб выпраўленні дадзенай праўнай нявызначанасці адносна катэгорыі масавых мерапрыемстваў грамадзка-палітычнай скіраванасці («мірных сходаў») у Законе Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах…» і Рашэнні №1020 Жодзінскага выканкаму;
г) аб неправамернасці патрабавання да заяўнікоў-грамадзянаў, якія замаўляюць не камэрцыйныя мерапрыемствы, а мірныя сходы малай колькасці (ад 1 да 1000 чал.), заключаць любыя абавязковыя платныя дамовы з міліцыяй, медыкамі й камунальнікамі;
і нарэшце
6) устанавіць, што Жодзінскі выканкам у парушэнне патрабаванняў арт. 21 Міжнароднага Пакту і арт. 35 ды арт. 23 Канстытуцыі ды адпаведных нормаў закону забараніў правядзенне пікетавання па неправамерных падставах і пазбавіў заяўнікоў канстытуцыйнага права на гарантаваную дзяржавай безумоўную (а не выплатную) магчымасць свабоднага (а не выкупаемага) права на правядзенне мірнага сходу, выказванне меркавання і распаўсюд інфармацыі;
7) прызнаць дзеянні выканкаму неправамернымі, аднавіць парушанае права заяўнікоў на гарантаванае безперашкоднае правядзенне мірнага сходу (пікетаванне), спрыяць такім чынам вырашэнню праблемы дыскрымінацыі грамадзянаў, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі такіх дзяржструктураў, як БРСМ («Белая Русь» ды іншых), якія праводзяць свае мерапрыемствы па-за межамі патрабуемай ад іншых грамадзянаў невыканальнай на практыцы працэдуры. 

Пасля першага судовага паседжання, якое доўжылася з 14-30 да закрыцця будынку суду, суддзя Трапашка прызначыла паседжанне на наступны дзень і абвесціла, што выклікае ў судовы працэс для допыту прадстаўнікоў лякарні, ЖКГ, міліцыі… Аднак, на другое паседжанне 10.09.2014г. ніхто са сведкаў не з'явіўся. Суд, такім чынам, за адну ноч раптоўна перагледзеў і адмяніў свае пачатковыя станоўчыя вызначэнні па хадайніцтвах заяўнікоў аб выкліку патрабуемых сведкаў. Замест гэтага суддзя Трапашка ў далейшым сама дапытала заяўнікоў наконт абскарджвання імі дзеянняў адзначаных службовых асобаў у дасудовым парадку. Хадайніцтвы заяўнікоў па выкліку ў суд пазначаных у скарзе прадстаўнікоў зацікаўленага боку (Ірыны Карповіч, кіраўніцы ідэалагічнага аддзелу, а таксама Міхала Амельянчука, старшыні Жодзінскага гарвыканкаму), якія непасрэдна разглядалі заяўку ды забаранялі пікетаванне, былі таксама адхілены судом.

А на трэцім паседжаньні 16 верасьня, якое доўжылася практычна ўвесь дзень з перапынкам на абед і завершылася ў 19-30, суддзя Трапашка адхіліла хадайніцтвы заяўнікоў аб адмысловым афіцыйным перакладзе ў МЗС Беларусі з ангельскай і далучэньні да разгляду па справе на беларускай і расейскай мовах рашэння КПЧ ААН “Палякоў супраць Беларусі” (гл. на сайце ААН тут – Poliakov v. Belarus CCPR/C/111/D/2030/2011), якое сёння маецца толькі на анельскай мове.  У сувязі з гэтым суд фактычна адмовіўся належным чынам даследваць матэрыялы па справе, якія непасрэдна тычыліся пытання абгрунтаванасці ды адпаведнасці нормам права вылучаных да заяўнікоў патрабаванняў – прыкладаць да заявак на мірныя сходы платныя дамовы з 3-ма рознымі адміністрацыямі (лякарняй, міліцыяй і мэдыкамі).

У далейшых сваіх дзеяннях у судовым паседжанні суддзя Трапашка прыняла палову з заяўленых хадайніцтваў (гл. дадаткі) па вывучэнні розных дакументаў і апытала сведку-міліцыянта.

Нягледзячы на канец працоўнага дня 16.09.2014г., суд працягнуў паседжанне з правядзеннем спрэчак паміж бакамі да 19-30. У выніку на наступны дзень 17 верасняна абвяшчэнне судовага рашэння прадстаўніца зацікаўленага боку проста не з’явілася. А суддзя Трапашка, абвяшчаючы пастановы толькі для заяўнікоў, агучыла дастаткова дзіўныя высновы…

Так, у выніку вызначэннем суду вытворчасць па справе па фактах неправамерных дзеянняў службовых асобаў выканкаму, лякарні, міліцыя, ЖКГ і Галоўпаштампту, звязаных з даказанымі ў судзе дзеяннямі па незаключэнні дамоваў, “была спыненая” з-за непраходжання дасудовага абскарджвання ў вышэйшых адміністрацыйных установах. А пытанні невыканальнасці дадзенай пастановы ды ейнай неадпаведнасці патрабаванням, прад’яўляемым да закону – былі “пакінутыя без разгляду з-за непадведамаснасці судам агульнай судавытворчасці”.

Акрамя гэтых вызначэнняў, суд вынес і рашэнне з адмоваю па скарзе праваабаронцаў на забарону Жодзінскім гарвыканкамам заяўленага імі пікетавання.

Па выніку абвяшчэння пастановаў суд не прадставіў аніякіх пісьмовых дакументаў, прапанаваўшы атрымаць іх толькі праз 3 дні (пры гэтым 3-ці дзень прыпадаў на непрацоўны дзень 20.09.2014г., суботу). А наконт пратаколаў, было патлумачана, што яны яшчэ не падрыхтаваныя, і прадастаўленыя для азнаямлення будуць толькі пасля спецыяльнага апавяшчэння заяўнікоў судом.

Аляксей Лапіцкі: “Мы, канешне, будзем аспрэчваць усе адзначаныя пастановы суду ў касацыйным парадку й далей, калі спатрэбіцца, у КПЧ ААН. А таксама паспрабуем дадаткова звярнуцца і ў вышэйшыя адміністрацыі адзначаных устаноў для пастаноўкі пытанняў наконт існуючых праўных і эканамічных праблемаў, якія зноў узніклі сёлета (і прысутнічаюць пастаянна) пры заключэнні патрабуемых дамоваў падчас падачы заяўкі на правядзенне пікетаванняў (мірных сходаў) у Жодзіне. Намі таксама плануецца паставіць перад Канстытуцыйным судом пытанне наяўнасці прабелаў у актах заканадаўства (датычных мірных сходаў грамадзянаў) і прысутнасці ў іх адпаведных парушэнняў прынцыпу праўнай вызначанасці. Выяўленыя ў нашым судовым працэсе неадпаведнасці павінны быць ліквідаваныя, а трактоўкі нормаў закону й падзаконных актаў – цалкам адпавядаць патрабаванням Канстытуцыі ды Міжнароднага Пакту”, – адзначыў жодзінскі праваабаронца.

 

Паводле Беларускі Праўны Партал, падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
На фота – судзьдзя Тацяна Трапашка

Фота: А.Лапіцкага

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства