viasna on patreon

Магілеў: незалежнаму журналісту ўручылі чарговую позву на 30 верасня

2014 2014-09-24T12:31:19+0300 2014-09-24T12:31:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/burakou-ales.jpg
Алесь Буракоў

Алесь Буракоў

23 верасня незалежны журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў у чарговы раз сустрэўся с з супрацоўнікамі міліцыі ў Ленінскім РАУС Магілёва.

Разам з журналістам у пастарунак таксама завіталі праваабаронца Барыс Бухель і бацькіАляксандра Буракова. Барыс Бухель і маці Аляксандра Буракова заявілі хадайніцтва, каб іх дапусцілі ў якасці прадстаўнікоў журналіста ў кабінет, дзе праводзілася апытанне, аднак маёр міліцыі Уладзімір Пугачоў просьбу адхіліў.

Па словах Аляксандра Буракова, на гэты раз гутарка з маёрам Пугачовым праходзіла ў падкрэслена карэктнай форме, без складання якога-кольвек пратакола. Міліцыянт ужо ведаў пра шматлікія скаргі на парушэнні беларускага заканадаўства, дапушчаныя супрацоўнікамі міліцыі пры правядзенні “агляду” ў кватэры Аляксандра Буракова і яго бацькоў, якія журналіст накіраваў у розныя інстанцыі. Ён уручыў журналісту чарговую позву ў міліцыю на 30 верасня і паведаміў, што да гэтага часу павінна быць прынята рашэнне – будзе ў дачыненні да яго складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ці перад ім выбачацца і адміністрацыйную справу спыняць.

Таксама Аляксандр Буракоў напісаў хадайніцтва, каб яму як мага хутчэй вярнулі два забраныя ў часе “агляду” кватэры ноўтбукі яго жонкі, бо без камп’ютараў яна не можа працаваць. Маёр Пугачоў запэўніў журналіста, што ён асабіста таксама напіша хадайніцтва, каб тэхніку забралі з экспертызы і вярнулі Буракову ўжо ў бліжэйшыя дні.

Нагадаем, што раніцай 16 верасня ў прыватнай кватэры Аляксандра Буракова з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі "агляд месца адміністратыўнага правапарушэння". Падставай для яго правядзення стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце DW.DE ("Нямецкая хваля") трох матэрыялаў за подпісам Аляксандра Буракова. У выніку ператрусу, які фіксаваўся на відэакамеру, з кватэры забралі два ноўтбукі і дзве флэшкі. Пазней у той ж адзень на той жа падставе правялі ператрус у кватэры бацькоў журналіста, у часе якога забралі сістэмныя блокі двух камп'ютараў.

Аляксандр Буракоў 18 верасня накіраваў скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага РАУС горада Магілёва міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігару Шуневічу і начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандру Кавальчуку. Таксама ён накіраваў скаргу на дзеянні пасадавых асобаў Ленінскага РАУС горада Магілёва і невядомых намеснікаў пракурора горада Магілёва на імя пракурора Магілёўскай вобласці.

Журналіст лічыць, што праведзеныя 16 верасня агляды і выняткі камп’ютарнай тэхнікі ў кватэрах яго і яго бацькоў былі здзейснены незаконна, і ўсе доказы, атрыманыя пры правядзенні гэтых працэсуальных дзеянняў, не маюць юрыдычнай сілы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства