Мазырскі суд не задаволіў скаргу праваабаронцы
24 верасня суд Мазырскага раёна сваім рашэннем пакінуў без задавальнення скаргу Уладзіміра Целепуна на рашэнне старшыні Мазырскага райсавета Сяргея Гваздзя і намесніка старшыні Мазырскага райвыканкама Фелікса Галюка па забароне правядзення масавага мерапрыемства (пікета), які ён меркаваў правесці да Дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, што адзначаецца 4 жніўня, праявіць салідарнасць і падтрымку з палітычнымі вязнямі ў Беларусі.
Суддзя Наталля Асадчая не задаволіла ніводнага хадайніцтва Уладзіміра Целяпуна – весьці судовы працэс на беларускай мове, прадаставіць рашэнне суду на беларускай мове, запрасіць на судовае паседжанне пракурора для нагляду за адпаведнасцю і выкананнем закона і нарматыўна-прававых актаў. Нават рашэнні суддзі па хадайніцтвам заяўніку не былі прадастаўленыя. Суд не палічыў патрэбным звярнуць увагу, што заяўнікам абскарджваецца не толькі сама адмова ў забеспячэнні гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод асобы, але і працэдура прыняцця адказнымі асобамі рашэння, якое супярэчыць арт. 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, п.5 Пастановы Савета Міністраў ад 5 сакавіка 2012 году №207.
Асноўным аргументам чыноўнікаў быў той, што заяўніку адмоўлена толькі ў правядзенні пікета ў канкрэтным месцы, на плошчы Леніна, а не сам пікет.
Пасля атрымання матываванай часткі рашэння судаМазырскага раёна Уладзімір Целяпун будзе і далей абскарджваць забарону на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў у Гомельскім абласным судзе.
«Усе мае заявы, скаргі і хадайніцтвы былі напісаны і пададзены на беларускай мове. Усе мне даслалі свае адказы на беларускай мове, як таго патрабуе закон “Аб зваротах грамадзян…”. Толькі Мазырскі раённы суд, які чыніць правасуддзе па беларускіх законах, лічыць патрэбным не выконваць асобныя законы. Беларусу беларускім судом ад імя Рэспублікі Беларусь адмоўлена прадаставіць рашэнне суду на дзяржаўнай беларускай мове, хаця ў сваім рашэнні частка скаргі была перакладзена з беларускай мовы на рускую. Звярнуся да старшыні Мазырскага суда, у пракуратуру за тлумачэннямі і высновамі адносна такога стаўлення да законаў, ацэнкі кваліфікацыі дзяржаўных чыноўнікаў па валоданні дзяржаўнай мовай ў межах выканання сваіх службовых паўнамоцтваў», - каментуе праваабаронца.