Алесь Бяляцкі: Грамадзянская супольнасць выйшла з піке расчаравання, якое было пасля 19 снежня 2010 году
Кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі правёў шэраг сустрэчаў у рэгіёнах краіны - Маладзечна, Віцебску, Оршы, Смаргоні, Гародні і Магілёве. Асноўнай мэтай паездак была прэзентацыя кнігі “Іртутнае срэбра жыцця”, напісанай ў зняволенні ў Бабруйскай калоніі.
Імпрэзы праходзілі ў цёплай сяброўскай атмасферы. Па словах Алеся Бяляцкага, яму было вельмі цікава і важна адчуць атмасферу, якая зараз ёсць у рэгіянальных супольнасцях па-за Мінскам, і ўражанні засталіся дастаткова станоўчыя: “Я не бачу разгубленасці, я не бачу нейкага такога агульнага песімізму, я бачу, што ў рэгіёнах ёсць сталая частка актывістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый, якія прыходзяць на гэтыя сустрэчы, якія гатовыя працаваць, нягледзячы ні на што”.
Былы палітвязень звярнуў увагу і на той момант, што ніводная з запланаваных сустрэчаў не сарвалася і яны ўсе прайшлі ў запланаваным парадку. “Гэта таксама паказвае, што магчымасці для грамадскай працы, для распаўсюду праваабарончых ідэяў, для дыялогу і шчырай размовы з людзьмі, якая ў нас адбывалася пад час гэтых сустрэчаў, ёсць, і яе трэба выкарыстоўваць,” – лічыць Алесь Бяляцкі.
“Сама кніжка – гэта частка майго жыцця: жыцця, пра які яна напісана, і жыцця, у якім яна пісалася, атрымліваецца два ў адным, - падкрэсліў Алесь Бяляцкі. – Таму такія аповеды і распаўсюд гэтай кніжкі з’яўляецца важным і для мяне асабіста”.
На думку праваабаронцы, у першай палове 2011-га году настроі ў грамадстве былі дастаткова змрочнымі і песімістычнымі, і вось цяпер гэты перыяд фрустрацыі мінуў, і беларуская грамадзянская супольнасць выйшла з піке расчаравання, якое было пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. І паколькі ў даволі хуткім часе адбудуцца чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі, Алесь Бяляцкі мяркуе, што нам варта перажыць іх з мінімальнымі стратамі, каб пазбегнуць новых удараў, каб зноў не ўпасці ў фрустрацыю.
Нагадаем, што прэзентацыя кнігі "Іртутнае срэбра жыцця" адбылася ў Мінску 22 ліпеня.
Таксама матэрыялы па тэме:
Алесь Беляцкий: Судьбу Беларуси должны решать сами белорусы
Фота сайта "Беларускі партызан"