viasna on patreon

Салігорск: Маладафронтаўца Івана Шылу выклікаюць у міліцыю

2014 2014-10-02T08:17:28+0300 2014-10-02T08:17:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shyla-ivann.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Шыла

Іван Шыла

Маладафронтаўца Івана Шылу рашуквае міліцыя. Увечары 1-га кастрычніка дом яго бацькоў пад Салігорскам наведалі супрацоўнікі мясцовага РАУС.

Па словах бацькі маладзёна Уладзіміра Шылы, міліцыянты з’явіліся на ганку яго дома а 20-й гадзіне:

- Аднекуль даведаліся, што Іван мусіў прыехаць у гэтыя дні з вучобы ў Салігорск і хацелі затрымаць яго. Але сына дома не было, дык пакінулі яму позву на 2 кастрычніка на 9 раніцы. Позва аформлена няправільна. Замест нумара справы пазначана “на размову ў 203 кабінет”, - кажа бацька актывіста.

Як вядома, у гэтым кабінеце Салігорскага РАУС месціцца аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі Салігорскага РАУС. Узначальвае аддзел сумнавядомы браканьер і паляўнічы за апазіцыяй Георгій Крывальцэвіч. Менавіта ён некалькі дзён таму зладзіў аблаву на мясцовага актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Уладзіміра Лемеша, пагражаў яму групавым згвалтаваннем ды кіраваў вобыскам у яго кватэры, падчас якога намагаўся канфіскаваць нават дзверы з апазіцыйнымі налепкамі.

У такіх абставінах сам Іван Шыла глядзіць на сітуацыю без аптымізму і рыхтуецца да арышту:

- Апошнім часам у Салігорску назіраецца бурлівая апазіцыйная дзейнасць. З’яўляюцца ўлёткі, сцягі, графіці, нейкія арт-групы ладзяць пратэсты. Думаю, мясцовым уладам надавалі за гэта па шапцы, і цяпер яны спрабуюць праз пераслед мясцовых актывістаў апраўдацца перад вышэйшым кіраўніцтвам. Я хоць практычна ўвесь час і знаходжуся на вучобе ў Польшы, але, відаць, акрамя мяне, Тычыны і Лемеша ніякіх моладзевых актывістаў яны больш не ведаюць, - кажа маладафронтавец. - Таму не выключаю, што ўжо ў бліжэйшыя дні магу апынуцца ў ізалятары. Бо трэба ж неяк міліцыянтам адсправаздачыцца перад мінскім начальствам аб зробленых кроках па супрацьдзеянні гэтай апазіцыйнай хвалі ў горадзе.

Нагадаем, у апошнія тыдні ў сталіцы шахцёраў распачаўся сапраўдны “сезон палявання” на апазіцыянераў. Вобыскі і канфіскацыя кампутарнай тэхнікі ды апазіцыйнай прадукцыі адбыліся ў кватэрах Андрэя Тычыны, Уладзіміра Лемеша і Уладзіміра Шылы.  Уладзіміру Лемешу нават прыйшлося адседзець некалькі сутак у ізалятары і атрымаць штраф па ўжо звыклым для апазіцыянераў абвінавачванні ў лаянцы матам і размахванні рукамі. У выпадку з Андрэям Тычынай міліцыянты вырашылі скрэатывіць і правярыць яго на датычнасць да распаўсюду парнаграфіі і экстрэмізму.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства