viasna on patreon

Аляксандр Малочка падараваў кнігу Карбалевіча Ашмянскай мытні

2014 2014-10-02T17:33:01+0300 2014-10-02T17:33:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/partret_prezidenta-karbalievich.jpg
Кніга Валера Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт»

Кніга Валера Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт»

Больш за год актывіст з Салігорска дамагаўся вяртання кнігі з Ашмянскай мытні, якая так і не здолела вырашыць лёс выдання. Пасля таго, як актывіст перастаў атрымліваць адказы нават на свае пісьмовыя звароты ў мытню, ён вырашыў падараваць кнігу чыноўнікам.

– Больш за год Ашмянская мытня не можа вырашыць лёс аднаго асобніка кнігі Валера Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт», забранага ў мяне на мяжы яшчэ летась 14 верасня.

Спачатку кнігу накіравалі на экспертызу ва Упраўленне ідэалагічнай працы Гродзенскага аблвыканкама, дзе эксперты не знайшлі ў ёй ніякага экстрэмізму і параілі вярнуць выданне ўладальніку. Потым Ашмянская мытня перадала кнігу для новай экспертызы ў КДБ. А пасля гэтага чыноўнікі наогул перасталі інфармаваць мяне пра лёс кнігі, не адказваючы нават на мае пісьмовыя запыты, – распавёў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандр Малочка.

– Калі ім так спадабалася гэта выданне, і яны за цэлы год не здолелі вызначыць яго лёс, я вырашыў падараваць кнігу мытні. Пра гэта я накіраваў апошнюю афіцыйную заяву у Ашмяны. Калі адзін асобнік даўно выдадзенай  кнігі іх так непакоіць і цікавіць – хай забіраюць сабе і чытаюць, – дадае актывіст.

Кніга вядомага палітолага Валера Карбалевіча “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт” выйшла ў свет у 2010 годзе і была прэзентаваная ў многіх беларускіх гарадах. На 720 старонках аўтар спрабаваў даследаваць феномен першага беларускага прэзідэнта: як гэтаму чалавеку на працягу доўгага часу ўдаецца заставацца ва ўладзе і як адбываецца фармаванне сістэмы кіравання ў Беларусі.

Як адзначае сп. Карбалевіч, у яго ніколі не было нейкіх “асабістых рахункаў” з Аляксандрам Лукашэнкам, таму і да працы ён прыступаў не ў парыве эмоцыяў, а як сур’ёзны даследчык.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства