viasna on patreon

Прысуд Юрыю Рубцову: паўтары гады "хіміі"

2014 2014-10-06T15:30:00+0300 2014-11-19T16:52:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rubcou-juryj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Рубцоў

Юрый Рубцоў

Суддзя вынес прысуд – два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адзін год з гэтага тэрміну скасоўваецца па амністыі, таму для адбыцця пакарання застаецца паўтары гады.

***

У судзе Цэнтральнага раёну Менска 6 кастрычніка працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова.
Актывіста вінавацяць у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса “Абраза суддзі або народнага засядацеля”. Працэс вядзе суддзя Наталля Вайцэховіч.

Дзяржаўны абвінаваўца  Гардзеенка запатрабаваў для  Юрыя Рубцова пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды тэрмінам на тры гады. 

 12-40. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які назірае за ходам судовага працэсу, заяўляе, што калі Юрый Рубцоў будзе асуджаны да абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, гэта фактычна будзе азначаць, што ў Беларусі з’явіўся новы палітвязень.

Адвакат прасіў апраўдаць Рубцова, паколькі прамых доказаў знявагі суддзі Кірылы Палулеха няма: у красавіку на адміністратыўным працэсе над Рубцовым не вёўся аўдыёзапіс, не праводзілася відэаздымка. Абвінавачванне грунтуецца толькі на паказаннях супрацоўнікаў міліцыі, якія адвольна затрымлівалі Рубцова яшчэ пад час Чарнобыльскага шляху. Таму немагчыма ўпэўнена казаць, ці зневажаў Рубцоў усю судовую сістэму, ці асобнага суддзю. А паказанні такіх сведкаў выклікаюць зразумелыя сумненні.

Гэты працэс, - падкрэслівае Стэфановіч, - прамы вынік дзеянняў уладаў, якія практыкуюць адвольныя затрыманні актывістаў, што не здзяйснялі правапарушэнняў. Дзеянні міліцыя яўна насілі незаконны характар, паколькі Юрый Рубцоў быў затрыманы за майку "Лукашэнка, сыходзь!", такім чынам ён выказваў сваё асабістае меркаванне, гарантаванае яму Кастытуцыяй Беларусі.

У суд былі прадстаўленыя станоўчыя характарыстыкі з месца жыхарства і месца працы, якія як бачна, не змяктылі пазіцыю абвінавачвання.

Прысуд абвесцяць у 15 гадзін.

 

***

16 верасня, у першы дзень судовага працэсу, суддзя Наталля Вайцэховіч дапытала Юрыя Рубцова. Ён патлумачыў, што 28 красавіка яго даставілі ў суд Савецкага раёна Менска напаўаголеным і без акуляраў, што абражала ягоную годнасць. Апроч таго, ён не змог азнаёміцца з матэрыяламі адміністратыўнай справы, пакеолькі быў без акуляраў. Таму і сказаў, што гэта “не суд, а судзілішча”.

Затым адбыўся допыт пацярпелага – суддзі суду Савецкага раёна Менска Кірылы Палулеха.

Былі дапытаныя сведкі: супрацоўнікі АМАП Шарко і Андрэй Белы, а таксама супрацоўнік РУУСа Павал Нелюбовіч, якія прысутнічалі пры разглядзе адміністратыўнай справы і сакратарка Дар’я Стасюк, якія пацьвердзілі словы судзьдзі Палулеха, што Рубцоў абразіў судзьдзю. Яны паведамілі, што Рубцоў нецэнзурна выказваўся, казаў, што гэта не суд, а судзілішча, і назваў суддзю Кірыла Палулеха “падонкам”.

Разгляд справы, які быў распачаты 16 верасня, быў перанесены ў сувязі з тым, што на працэс з'явіліся ня ўсе сведкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства