viasna on patreon

Міністэрства ўнутраных спраў раіць ГА «БАЖ» звяртацца ў суды і Міністэрства інфармацыі

2014 2014-10-13T12:01:16+0300 2014-10-13T12:01:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mus.jpg

Дзяржаўныя органы, да якіх ГА «БАЖ» звярталася з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў, працягваюць адсылаць адзін да другога.

“Па ўсіх пералічаных Вамі фактах складання супрацоўнікамі органаў унутраных спраў пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па ч.2 арт. 22.9 КаАП справы разгледжаны судамі. Міністэрства ўнутраных спраў не мае паўнамоцтваў на іх перагляд”, – гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Алега Каразея.

Ён нагадвае таксама, што “рэспубліканскім органам дзяржаўнага кірвання ў сферы масавай інфармацыі” з’яўляецца Міністэрства інфармацыі. “У гэтай сувязі прапановы па ўдасканальванню заканадаўства ў сферы масавай інфармацыі неабходна накіроўваць у названы дзяржаўны орган”, – піша сп. Каразей.

Нагадаем, што 26 верасня ГА “БАЖ” выступіла з заявай пратэсту з нагоду пераследу журналістаў, якія размяшчаюць свае матэрыялы ў замежных медыя. Арганізацыя патрабавала, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных органаў спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў, каб судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч.2 арт. 22.9 КаАП, былі апратэставаныя ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, а таксама каб суб'екты нарматворчасці прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародым пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Тэкст заявы быў накіраваны Генеральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыню Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыню Вярхоўнага Суда.

Некалькі дзён таму адказ на зварот прыйшоў з Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Камісія «не мае права кантраляваць дзейнасць судоў і іншых дзяржаўных органаў, а таксама даваць ацэнку законнасці рашэнняў, якія прымаюцца дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі», – пісаў старшыня Пастаяннай камісіі Аляксандр Наумовіч. І раіў абскарджваць судовыя пастановы ў судах вышэйшых інстанцый, а дзеянні міліцыянтаў – у МУС.

«Пра вынікі разгляду патрабавання прывесці акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародым пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах Вы будзеце праінфармаваныя ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам”, – пісаў старшыня камісіі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства