viasna on patreon

У Віцебску – чарговая забарона пікетаў. Рыхтуецца чарговы зварот у суд

2014 2014-10-16T12:18:45+0300 2014-10-16T12:18:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dziarzhaucau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў

Сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву зноў адмовілі ў правядзенні двух пікетаў салідарнасці з Украінай. Гэта ўжо другая забарона акцый аднолькавай тэматыкі, і актывіст хоча прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў арганізацый, якія мусяць займацца "абслугоўваннем акцый".

"17 кастрычніка пы планавалі акцыю салідарнасці з Украінай у парку Мазурына, 20 кастрычніка – у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Адміністрацыі Чыгуначнага і Кастрычніцкага раёнаў, куды мы звярталіся, дазволаў не далі. Мэтай меркаваных акцый было публічнае асуджэнне агрэсіі Расіі ў дачыненні да незалежнай суверэннай Украіны. Аднак і не гэта самае істотнае: забароны акцый, чаму б яны ні былі прысвечаныя, працягваюцца ў Віцебску ўжо пяты год. І пяты год, згодна з рашэннем Віцебскага гарвыканкаму №881, парушаюцца нашы грамадзянскія правы".

Мінулым разам актывісты КХП БНФ атрымалі адмовы ад чыноўнікаў месяц таму. Прычына адмоваў у тым, што партыйцы не заключылі дамовы на абслугоўванне акцый з ЖКГ, медыкамі цэнтральнай гарадской паліклінікі і міліцыяй, якіх раённыя чыноўнікі патрабуюць на падставе рашэння Віцебскага гарвыканкама ад 10 ліпеня 2009 года "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску".

" Ні з міліцыяй, ні з цэнтральнай гарадской паліклінікай заключыць дамовы не ўдалося ні разу. Сітуацыя настолькі несправядлівая, што я пайшоў на эксперымент: вырашыў заключыць дамовы толькі для пікету ў Чыгуначным раёне, а ў Кастрычніцкім – проста падаў заяўку. Вынік аднолькавы: забаронены абедзьве акцыі. Бо дамову пагадзіліся заключыць толькі камунальнікі – прадпрыемства "Віцебскі зеленбуд". З міліцыі адказалі, што будуць заключаць дамову толькі пасля таго, як нам дадуць дазвол раённыя ўлады – гэтак напісана і ў законе аб масавых мерапрыемствах, але ж у рашэнні нашага гарвыканкаму – усё наадварот. А з паліклінікі прыйшла стандартная адпіска, якая выглядае на сапраўдны здзек: маўляў, мы не можам заключаць папярэднія дамовы, бо не ведаем, якая будзе сітуацыя з захворваннямі у названы дзень, раптам яна будзе крытычная", -- распавёў Ян Дзяржаўцаў.

Такім чынам, лічыць апазіцыянер, дзяржаўныя структуры парушаюць рашэнне гарвыканкаму, дзе яны згаданыя ў якасці адказных за абслугоўванне акцый. Таму ён збіраецца падаць заяву ў суд супраць галоўурача паліклінікі, які падпісвае лісты з адмовамі ад супрацоўніцтва. А таксама рыхтуе зварот у Міністэрства унутраных справаў, каб там патлумачылі сітуацыю. І далі рэкамендацыю, як дзейнічаць, калі абласная ўправа МУС не выконвае патрабаванні рашэння гарвыканкама.

Насамрэч сітуацыя крытычная: рашэнне Віцебскага гарвыканкаму № 881 сфармулявана такім чынам, што сталася невыканальным, і ўжо за 5 гадоў віцебскія актывісты не змаглі атрымаць ніводнага дазволу на акцыі любога фармату. Тым часам заўдзел у несанкцыянаваных акцыях, да ўдзелу ў якіх практычна і падштурхоўвае невыканальнае рашэнне, актывісты атрымлівалі адміністрацыйныя пакаранні.

Дамагчыся зменаў у рашэнні таксама не ўдаецца: актывістам адказваюць, што яно прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства