Апытанні паказваюць недастатковы ўзровень прававых ведаў насельніцтва Чашніцкага раёну
На афіцыйным сайце Чашніцкага райвыканкаму размешчаны шэраг апытанняў пра тое, ці хапае насельніцтву прававых ведаў, і ўмеюць яны іх выкарыстоўваць. Адказы пераважна адмоўныя.
Як паказвае статыстыка на сайце, у апытаннях узялі ўдзел невялікая колькасць людзей. Але падсумаваныя вынікі сведчаць пра недастатковасць прававых ведаў.
Так, на пытанне "Ці выніковая самаадукацыя ў галіне права?" адказалі 11 чалавек, з іх сямёра лічаць, што так.
7 чалавек з 12 станоўча адказалі на пытанне "Ці задавальняе вас аб'ём даступнай юрыдычнай інфармацыі?"
Большасць апытаных – 10 чалавек – лічаць, што на сайце выканкаму дастаткова звестак пра месцазнаходжанне судовых, выканаўчых, заканадаўчых органаў улады і сродкаў для кансультацый і зваротаў. 1 чалавек не падтрымлівае гэта меркаванне.
Тым не менш, з 14 удзельнікаў апытання "Ці дастаткова ў вас ведаў у сітуацыях, якія патрабуюць вырашэння пытання абароны вашых інтарэсаў і правоў, 9 чалавек далі адмоўныя адказы. І толькі пяцёра вырашылі, што здольныя бараніць свае правы на грунце ўласных прававых ведаў.
8 чалавек з 12 апытаных лічаць, што стан прававога выхавання непаўналетніх "эфектыўны" і "адпавядае патрабаванням бягучага моманту". Чацвера з гэтым не згодныя.
Самым масавым было абмеркаванне пытання, ці эфектыўная прававая прапаганда ў СМІ. Выказаліся 86 чалавек, з іх большасць – 50 чалавек – не згодная з тым, што СМІ праводзяць гэтую працу належным чынам.
Ці зроблены на падставе такіх адказаў нейкія высновы, застаецца незразумелым. Паведамленняў пра гэта на сайце няма, ды і ў раённай газеце "Чырвоны прамень" не пабольшала публікацый на прававую тэматыку. Там існуе хіба толькі рубрыка "Чалавек і закон", але ў ёй размяшчаюцца выключна матэрыялы пра злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні, здзейсненыя ў рэгіёне.
На афіцыйным сайце Чашніцкага райвыканкаму інфармацыі даведачнага плану, здавалася б, і шмат. Аднак непасрэдна пра правы грамадзян тут няма нічога. Больш за тое: афіцыйная інфармацыя тут даўно ўжо састарэлая. Прыкладам, існуе рубрыка "Повторные выборы состоятся 29 июня 2014 года", апошнія рашэнні мясцовага выканкаму, выкладзеныя на сайце, датуюцца яшчэ 2012 годам. Гэта – таксама паказнік стаўлення да грамадзянаў з боку ўладаў, якія недастаткова дбаюць пра тое, каб жыхары Чашніччыны маглі б рэалізаваць свае правы ў поўнай меры.