viasna on patreon

У Магілёве звольнены з працы грамадскі актывіст і журналіст Валадар Цурпанаў

2014 2014-10-17T11:57:22+0300 2014-10-17T12:00:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/curpanau-valadar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

Пра сваё звальненне з арматурнага завода ён даведаўся 16 кастрычніка, калі выйшаў на працу пасля хваробы. На прадпрыемстве Валадар Цурпанаў працаваў зваршчыкам.

Фармальнай падставай для звальнення паслужыла “сістэматычнае невыкананне без здавальняючых прычын абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу”. У загадзе на звальненне было таксама пазначана, што Цурпанаў нібыта нанёс матэрыльную шкоду наймальніку і меў дысцыплінарнае пакаранне.

Тым часам Валадар Цурапанаў лічыць, што нагодай для яго звальненне паслужыла яго змаганне  за лепшыя ўмовы працы, беларускую мову і выданне ім бюлетэня “Валадарынка”.

-     Мяне хацелі звольніць з прадпрыемства ўжо даўно. Некалькі разоў прапаноўвалі зрабіць гэта па ўласным жаданні, аднак я адмаўляўся. Тады знайшлі фармальныя прычыны і зрабілі гэта, калі я хварэў. Я судзіўся з наймальнікам і выйграў першы суд. Яшчэ два мае пазовы знаходзяцца на разглядзе. Я скардзіўся на кепскія ўмовы працы не самому наймальніку, а ў іншыя інстанцыі. Гэтая інфармацыя выйшла за межы прадпрыемства, і гэта не магло падабацца адміністрацыі завода. Я для іх быў як костка ў горле, - каментуе сваё звальненне Валадар Цурпанаў.

Актывіст адзначае, што мае намер судзіцца за аднаўленне на працы, аднак працаваць там далей не збіраецца, бо для яго галоўнае даказаць сваю невінаватасць і змяніць фармулёўку звальнення.

Валадар Цурпанаў кажа, што падчас свайго супрацьстаяння з адміністрацыяй прадпрыемства падрыхтаваў болей за 20 скаргаў, якія былі на беларускай мове. Дырэктар ж прадпрыемства адказваў на ўсе звароты па-руску.

-         Атрымліваецца, што майго кіраўніка прадпрыемства варта прыцягваць да адказнасці болей за 20 разоў і выпісваць яму штраф за кожнае парушэнне закона аб зваротах грамадзян у памеры чатырох базавых адзінак, аднак чыноўнікі схітравалі і сказалі, што ў сваіх зваротах я мушу прытрымлівацца нармаванай беларускай мовы, а не “тарашкевіцы” на якой я пішу. Таму паглядзім, ці будзе вынесена майму ўжо былому кіраўніку хоць якое спагнанне, - кажа Цурпанаў.

Актывіст адзначае, што дысцыплінарнае спагнанне ён атрымаў за спробу пранесці на тэрыторыю прадпрыемства мабільны тэлефон, а матэрыяльныя страты, якія ён нібыта нанёс наймальніку, заключаліся ў тым, што ён адмовіўся выконваць загад майстра, які вымагаў парушэнне тэхналагічнага працэсу зваркі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства