Парфянкоў зноўку патрапіў у карцар
Пра тое, што Васіль Парфянкоў зноў патрапіў у ШЫЗА паведаміла актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з палітвязнем.
«Ён у апошнім лісце паведаміў, што атрымаў ад мяне лісты з часопісамі і газэтамі, а галоўнае, што адбыў 12 сутак у ШЫЗА. А пасля гэтага ад яго зноў маўчанне, з чаго я раблю выснову, што ён, мабыць, зноў пакараны карцэрам — у дадатак. Яшчэ напісаў, што, дзякуй Богу, засталося сядзець ужо няшмат — усяго два месяцы».
Прычына, паводле якой Васіль Парфянкоў пакараны карцэрам, Вользе Мікалайчык невядомая. Актывістка нагадала сытуацыю з палітвязнем Ігарам Аліневічам, пра якога днямі стала вядома, што яго ў калёніі «Віцьба-3» пакаралі карцэрам за адмову мыць прыбіральню, бо гэта панізіць ягоны статус у калоніі. Вольга Мікалайчык не выключае, што гэтаксама мог зрабіць і Васіль Парфянкоў.
Палітвязень, які да таго знаходзіўся ў памяшканні крытага тыпу — ПКТ, ужо не разлічвае да вызвалення трапіць у звычайны атрад.
«Васіль напісаў, што яго ўжо на зону не перавядуць, што будзе даседжваць у крытай, у камэры-адзіночцы. Але ён праз гэта не журыцца. Кажа, што ня хоча гэтых пераездаў, гэтай зоны з новымі людзьмі і з правакацыямі, якія ўжо сталі нормай. Кажа, што прызвычаіўся сядзець адзін».
Васіль Парфянкоў адбывае год зняволення ў горацкай калоніі. Яго пакаралі за парушэнне прэвэнтыўнага нагляду, які ён атрымаў пасля затрыманняў на шматлікіх акцыях салідарнасці з палітвязнямі — удзельнікамі мітынгу пратэсту супроць фальшавання выбараў 19 сьнежня 2010 году.