Amnesty International распавяла пра пазасудовыя пакаранні смерцю на ўсходзе Украіны
20 кастрычніка прадстаўніцтва AmnestyInternational ва Украіне прадставіла даклад «Пазасудовыя пакаранні падчас канфлікту ва ўсходняй Украіне».
Даследаванні сцвярджэнняў пра пакаранне смерцю і іншыя наўмысныя забойствы з боку прарасійскіх сепаратыстаў і пракіеўскіх сілаў прыводзіць доказы асобных інцыдэнтаў, да якіх маюць дачыненне абодва бакі канфлікту, але не ў маштабах, пра якія паведамляюць расійскія СМІ і органы ўлады, паведамляе AmnestyInternational.
У дакладзе «Пазасудовыя пакаранні смерцю падчас канфлікту ва ўсходняй Украіне» прадстаўлены вынікі даследавання, праведзенага ва ўсходняй Украіне (Данбасе) у канцы жніўня і ў канцы верасня 2014 года, і дадзеныя, сабраныя падчас інтэрв'ю з ахвярамі парушэнняў правоў чалавека і іх сем'ямі, відавочцамі , мясцовымі чыноўнікамі ў Луганскай і Данецкай абласцях, медыцынскімі работнікамі і камбатантамі з абодвух бакоў.
«Не існуе ніякіх сумневаў, што пазасудовыя пакаранні смерцю і іншыя зверствы здзяйсняюцца як прарасійскімі сепаратыстамі, так і пракіеўскімі сіламі на ўсходзе Украіны, але атрымаць праўдзівае ўяўленне пра маштабы гэтых парушэнняў вельмі цяжка. Цалкам верагодна, што многія з гэтых парушэнняў яшчэ не выяўлены, а іншыя наўмысна фальсіфікуюцца. Таксама відавочна, што некаторыя з найбольш шакавальных выпадкаў, пра якія паступалі паведамленні, у прыватнасці ў расійскіх СМІ, былі ў значнай ступені перабольшаныя», - заявіла Таццяна Мазур, дырэктар прадстаўніцтва AmnestyInternational ва Украіне.
«Замест таго, каб спекулятыўна вінаваціць адзін аднаго ў парушэннях, абодва бакі павінны засяродзіцца на расследаванні і спыненні забойстваў у форме пакаранняў смерцю з боку сілаў, якія знаходзяцца пад іх кантролем».
Выяўленне «масавых пахаванняў» у Данецкай вобласці
23 верасня расійскія СМІ паведамілі пра выяўленне «масавых пахаванняў» у Камунары і Ніжняй Крынцы, двух суседніх пасёлках у Данецкай вобласці, якія за два дні да таго былі пад кантролем пракіеўскіх сілаў. Паведамлялася аб выяўленні жаночых целаў са слядамі катаванняў і цела цяжарнай жанчыны. Пазней паступілі паведамленні, што міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў аб выяўленні больш за 400 целаў у магілах у гэтым раёне і заклікаў да правядзення міжнароднага расследавання.
Сябры дэлегацыі AmnestyInternational наведалі вобласць 26 верасня. Яны знайшлі пераканаўчыя доказы датычнасці кантраляваных Кіевам сілаў да пазасудовых пакаранняў смерцю чатырох мужчынаў, пахаваных у двух магілах ля пасёлка Камунар. Астатнія пяць целаў, пахаваных у адной магіле непадалёк, належаць прарасійскім байцам. У размове з AmnestyInternationalпрадстаўнікі іх падраздзялення распавялі, што байцы былі забітыя ў ходзе баявых дзеянняў.
«Рэальная карціна, што крыецца за расійскімі заявамі аб"масавых пахаваннях"у Ніжняй Крынцы, сапраўды жудасная. Усё паказвае на пазасудовыя пакаранні смерцю чатырох мясцовых жыхароў рэгулярнымі ўзброенымі сіламі Украіны або Добраахвотніцкімі батальёнамі, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Гэтыя факты павінны быць старанна расследаваныя органамі, якія маюць на гэта паўнамоцтвы. Аднак гэты эпізод дэманструе, наколькі абвінавачванні ў парушэннях раздзімаюцца, асабліва з боку расейскіх уладаў, і ва ўмовах інфармацыйнай вайны», - сказала Таццяна Мазур.
Забойства затрыманых прарасійскімі сепаратыстамі
Ад самага пачатку канфлікту ў красавіку 2014 года AmnestyInternational атрымлівала ўзрастаючую колькасць сцвярджэнняў пра пакаранні смерцю і іншыя наўмысныя забойствы з боку сілаў сепаратыстаў ва ўсходняй Украіне. Сярод ахвяраў такіх парушэнняў былі праўкраінскія актывісты і іх падазраваныя прыхільнікі, мясцовыя злачынцы і затрыманыя камбатанты.
Першым відавочным пацвярджэннем гэтых сцвярджэнняў стала выяўленне двух целаў 19 красавіка 2014 года паблізу горада Райгарадок, што на Данетчыне. Пазней іх апазналі як Уладзіміра Рыбака, мясцовага праўкраінскага актывіста і дэпутата ад партыі «Бацькаўшчына», і Юрыя Папраўкі, студэнта з Кіева. На целах былі выяўленыя сляды катаванняў.
AmnestyInternational выявіла пераканаўчыя доказы забойства двух палонных 22 ліпеня. Іх абодвух трымалі сепаратысты ў аддзяленні міліцыі, якое яны захапілі ў Севераданецку, што ў Луганскай вобласці.
Прадпрымальнік з Севераданецку, якога трымалі ў зняволенні па падазрэнні ў сувязях з партыяй «Бацькаўшчына», распавёў AmnestyInternational:
У 04:30 раніцы баявік разбудзіў нас, выкрыкваючы "Устаць! Эвакуацыя". Яны адкрылі тры ці чатыры камеры, і ўсяго я чуў ад шасці да васьмі стрэлаў. Гэта было як рулетка: каго расстралялі, каго адпусцілі, каго забралі.
«AmnestyInternational не знайшла і не атрымала ніякіх пераканаўчых доказаў масавых забойстваў або пахаванняў. Мы ўбачылі асобныя інцыдэнты пазасудовых пакаранняў смерцю, якія ў некаторых выпадках прыраўноўваюцца да ваенных злачынстваў. Гэтым парушэнням павінен быць пакладзены канец. Усе выпадкі, дзе ёсць грунтоўныя падазрэнні, павінны эфектыўна расследавацца, а вінаватыя з абодвух бакоў павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», - сказала Мазур.
Агульныя звесткі
Канфлікт на ўсходзе Украіны пачаўся з акупацыі прарасійскімі сепаратыстамі мясцовых адміністрацый і будынкаў праваахоўных органаў у розных гарадах Данецкай і Луганскай абласцей у красавіку і траўні 2014 года, пасля анэксіі Крымскага паўвострава Расійскай Федэрацыяй. У адказ украінскія ўлады пачалі антытэрарыстычную аперацыю. Канфлікт узмацніўся на пачатку ліпеня, калі паўстанцы пакінулі горад Славянск, а ўкраінская армія і іншыя пракіеўскія сілы пачалі аднаўляць кантроль над тэрыторыямі далей.
Наступ падкантрольных Кіеву сілаў замарудзіўся, а ў канцы жніўня яны пачалі адступаць, пасля таго, як прарасійскія сілы рэалізавалі паспяховую контратаку, дзякуючы расійскай ваеннай падтрымцы. Пагадненне аб спыненні агню паміж урадам Украіны і паўстанцамі было дасягнутае 5 верасня на перамовах у Мінску, у Беларусі, але гэта не спыніла баявых дзеянняў.