Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 22:00 у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня" ды “Асоба. Дзяржава. Грамадства”.
Анонс выпуску:
“Хроніка пераследу”: адміністратыўнае пакаранне грамадскіх актывістаў - Таццяны Сячко з Воршы ды Андруся Кашэўскага са Смалявічаў, узмацненне ціску на палітвязняў Ігара Аліневіча, Васіля Парфянкова, Мікалая Дзядка.
“Падзея тыдня”: прэс-канферэнцыя праваабаронцаў “Вясны” па праблеме прэвентыўных затрыманняў актывістаў у Беларусі. Кампанія за свабоду грамадзянскага актывіста Паўла Вінаградава, які толькі сёлета арыштоўваўся 16 разоў.
“Асоба. Дзяржава. Грамадства”: госці рубрыкі - праваабаронца Таццяна Рэвяка і юрыст Павел Сапелка са сваім меркаваннем наконт створаных у Беларусі камісій па выяўленні экстрэмізму ў друкаванай прадукцыі. Нагадаем, сёлета ім давялося прайсці не адну судовую інстанцыю ў супрацьстаянні з Ашмянскай мытняй, якая намагалася з дапамогай псеўда-экспертаў прызнаць экстрэмісцкай вынятую на мяжы ў Таццяны Рэвякі кнігу Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай". Дзякуючы настойлівасці праваабаронцаў, экспертызу кнігі суд прызнаў непрымальнай, але кнігу да ўвозу ў Беларусь забараніў. Гэтае судовае рашэнне праваабаронцы расцэньваюць як цэнзуру.
У музычных паўзах – кампазіцыі праекта “Нафта” на чале з Уладзімірам Пугачам.