viasna on patreon

Уладзімір Лемеш скардзіцца на салігорскую міліцыю

2014 2014-10-23T12:46:53+0300 2014-10-23T12:46:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lemesh1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лемеш.

Уладзімір Лемеш.

Скаргу ў пракуратуру на нерпавамерныя дзеянні супрацоўнікаў салігорскай міліцыі пры правядзенні агляду накіраваў мясцовы дэмакратычны актывіст Уладзімір Лемеш. Нагадаем, напрыканцы верасня ў межах так званай справы “за чырвоную паласу” ў маладзёна быў праведзены ператрус з канфіскацыяй агітацыйных матэрыялаў.

Агляд праводзілі адказныя за апазіцыю ў Салігорскім РАУС Георгій Крывільцэвіч, Жыгімонт, Аляхновіч, участковы і невядомы чалавек у цывільным. Уладзімір Лемеш лічыць, што падчас гэтага агляду міліцыянтамі былі дапушчаны грубыя парушэнні крымінальна-працэсульнага заканадаўства.

- Па-першае, для правядзення агляду міліцыянты мусілі мець дастатковыя дадзеныя аб знаходжанні слядоў злачынства ў маёй кватэры. У пастанове на агляд аніякіх абгрунтаванняў сувязі паміж мною, маёй кватэрай і здзейсненым актам нібыта вандалізму прыведзена не было, - кажа моладзевы актывіст. - Па-другое, у мяно была вынята шмат агітацыйных матэрыялаў, якія я захоўваў на памяць аб сваёй дзейнасці ажно з 2004 года. Усе яны былі канфіскаваныя. Гэтак сама былі канфіскаваныя копіі подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, музычныя плыткі “Песні свабоды”, дыск з фільмам “Плошча”, кніга Алеся Бяляцкага і бел-чырвона-белы сцяг з такімі ж стужкамі. Канфіскавалі нават “Белгазету” за 2008 год з маім інтэрвію. Якое дачыненне ўсе гэтыя канфіскаваныя рэчы мелі да справы аб так званым вандалізме -- ніхто мне не патулмачыў.

Не атрымаў Уладзімір Лемеш і копіяў пратаколу агляду і пратаколу вынятай маёмасці. Па словах праваабаронцаў, гэта з’яўляецца парушэннем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, бо цяпер актывіст не можа быць упэўненым у надзейным захаванні сваіх асабістых рэчаў. Гэтаксама нельга быць упэўненым, што ў пратаколе не з’явяцца якія-небудзь дакументы ці прадметы, якіх у яго насамрэч не вымалі.

У сваёй скарзе моладзевы актывіст звяртае ўвагу пракуратуры на прысутнасць пры правядзенні агляду невядомага чалавека ў цывільным.

- Гэты сябра супрацоўнікаў міліцыі адмовіўся паказваць свае дакументы і ігнраваў мае пытанні аб законнасці свайго знаходжання ў маёй кватэры. З маўклівай згоды міліцыянтаў гэты невядомы лазіў па маіх рэчах і перабіраў мае дакументы. Мне незразумела, на якіх падставах гэты чалавек у цывільным удзельнічаў у вытворчасці следчага дзеяння, у якасці каго ён удзельнічаў у правядзенні агляду і які прававы статус меў. Спадзяюся, пракуратура здольная знайсці адказ на гэтае і іншыя пытанні. Тым больш, што ўсе гэтыя факты могуць пацвердзіць панятыя, якія прысутнічалі пры аглядзе, - кажа Уладзімір Лемеш.

У адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам пракуратура Салігорскага раёна мусіць цягам дзесяці дзён разгледзець скаргу моладзевага актывіста, правесці пракурорскую праверку і прыняць меры па аднаўленні яго парушаных правоў і законных інтарэсаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства