viasna on patreon

Міжнародная арганізацыя "Human Rights Watch" падтрымала "Вясну"

2003 2003-10-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

HUMAN RIGHTS WATCH

350 Fifth Avenue, 34th Floor
New York, NY 10118
Тэлефон: 212-290-4700
Факс: 212-736-1300
hrwnyc@hrw.org
Сайт: http://www.hrw.org

Аддзяленьне Еўропы й Цэнтральнай Азіі

2 кастрычніка 2003 года

Аляксандру Лукашэнку, Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Мінск, 220020

Паважаны Прэзідэнт Лукашэнка!

Мы пішам каб выказаць нашую глыбокую занепакоенасьць абвінавачваньнямі супраць “Вясны”, недзяржаўнай арганізацыі (НДА), адным з відаў дзейнасьці якой было назіраньне за выбарамі. На нашую думку абвінавачваньні супраць “Вясны”, якія могуць прывесьці да яе ліквідацыі, зьяўляюцца часткай мэтанакіраванай кампаніі супраць свабоды выяўленьня й разьвіцьця плюралістычнага грамадства ў Беларусі.

“Human Rights Watch” назірала за жорсткімі абмежаваньнямі грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі на працягу апошніх месяцаў. У траўні й чэрвені ўрад прыпыніў выхад пяці газет, зачыніў Беларускі ліцэй – адукацыйную ўстанову, вядомую сваім свабодным духам, і зьліквідаваў пяць недзяржаўных арганізацый (НДА) па палітычна матываваных адміністратыўных абвінавачваньнях. Таксама быў уведзены новы курс дзяржаўнай ідэалогіі, абавязковы для ўсіх беларускіх універсітэтаў.

Прычынай гэткага ўзмацненьня кантролю грамадзянскай супольнасьці нам падаецца рэферэндум, запланаваны на восень 2003 з мэтай даць вам магчымасьць удзельнічаць у выбарах на трэці тэрмін. Мы лічым, што “Вясна” падвяргаецца перасьледу за актыўнае назіраньне за выбарамі ў Беларусі й публікацыю сваіх высноваў аб іх неадпаведнасьці міжнародным стандартам свабодных і справядлівых выбараў.

Міністэрства Юстыцыі абвінаваціла “Вясну” ў падробцы дакументаў пры рэгістрацыі ў 1999, хаця праверкі, праведзеныя Міністэрствам Юстыцыі ў 2001 і 2002 гадах не выявілі ніякіх парушэньняў. Абвінавачваньні Міністэрства ніяк не датычаць нават апошняй праверкі “Вясны”, якая праводзілася з сакавіка па верасень 2003 года.

“Вясна” таксама абвінавачваецца ў прадстаўленьні ў судзе інтарэсаў асоб, якія не зьяўляюцца сябрамі дадзенай арганізацыі. Гэтае абвінавачваньне зьвязанае з адной справай 1999 года, калі паводле тагачаснага крымінальна-працэсуальнага кодэксу арганізацыі маглі выступаць у судзе як грамадскія абаронцы прыватных асоб. Міністэрства Юстыцыі таксама абвінавачвае “Вясну” ў парушэньні выбарчага кодэксу ў 2001 годзе. Пры гэтым міністэрства спасылаецца на пастанову Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая пазбавіла акрэдытацыі дзве тысячы назіральнікаў ад “Вясны” напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.

Згодна з Законам “Аб грамадскіх аб’яднаньнях”, працэдура ліквідацыі можа быць распачатая ў выпадку, калі арганізацыя атрымлівае два папярэджаньні ад Міністэрства Юстыцыі цягам дванаццаці месяцаў, у той час як “Вясна” не атрымала ні аднаго папярэджаньня ад Міністэрства Юстыцыі са жніўня 2001.

Вышэйвыкладзеныя абставіны ўказваюць, што справа супраць “Вясны” – палітычна матываваная. Дзеяньні ўраду парушаюць абавязкі Беларусі паводле артыкула 22 Міжнароднага пакта грамадзянскіх і палітычных правоў супраць “Вясны” й даюць нам нагоду паўтарыць нашую просьбу аб адмене артыкула 13, што забараняе НДА прадстаўляць у судах асобаў, якія не зьяўляюцца сябрамі гэтых НДА.

Загадзя ўдзячная вам зза ўвагу да пытаньняў, узьнятых у гэтым лісьце.

Шчыра вашая

Элізабэт Андэрсэн,
Выканаўчы дырэктар
Аддзяленьня Еўропы й Цэнтральнай Азіі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства