Прэзентацыя ў Гродна: да Марціновіча прэтэнзіяў няма, але ці будуць наступствы для святара і выдаўца?
У Гродна мясцовыя спецслужбы сарвалі прэзентацыю рамана пісьменніка Віктара Марціновіча “Мова”. Яна мелася адбыцца ў будынку мясцовага Грэка-каталіцкага цэнтру імя Маці Божай Фацімскай, што па вуліцы Гараднічанскай зусім паблізу міліцэйскага аддзялення. Раней у гэтым царкоўным будынку спакойна праходзілі розныя прэзентацыі і сустрэчы з творчымі людзьмі. Зараз жа мясцовыя ўлады выявілі незразумелую і абсурдную ідэалагічную пільнасць. У рэлігійны асяродак няпрошаныя “госці” фактычна ўварваліся на самым пачатку культурніцкага мерапрыемства. Прэзентацыя была забаронена. У святара айца Андрэя Крата, прадстаўніка выдавецтва Міраслава Лазоўскага і самога пісьменніка Віктара Марціновіча былі ўзяты пісьмовыя тлумачэнні. Астатніх прысутных палохалі тым, што перапішуць пашпартныя дадзеныя. 24 кастрычніка кіраўнік аддзелу ідэалогіі Гродзенскага выканкаму заявіў, што прэтэнзіяў да пісьменніка няма, а вось адносна святара і выдаўца сітуацыя застаецца няпэўнай: не выключаецца, што іх дзеянні будуць вывучацца на прадмет магчымага адміністрацыйнага правапарушэння.