viasna on patreon

Салігорскія ўлады аднаўляюць планы па высечцы лесапарку

2014 2014-10-25T15:24:38+0300 2014-10-25T15:24:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salig-les-znish-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывісты салігорскай экалагічнай ініцыятывы “Абаронім лес” зноўку б’юць трывогу. Прадстаўнікам ініцыятывы стала вядома аб аднаўленні мясцовымі ўладамі планаў па высечцы гарадскога лесапарку па вуліцы Лясной.

Барацьба паміж уладамі і грамадскасцю за гарадскі лесапарк з пераменным поспехам доўжыцца ў сталіцы шахцёраў ужо шмат гадоў. Гараджанам часта ўдаецца выратаваць рэкрэацыйныя зоны ад знішчэння, але час ад часу зялёныя куточкі знікаюць праз чарговае ўшчыльненне гарадской забудовы, санкцыянаванае мясцовымі чыноўнікамі.

Катэгарыйны лес па вуліцы Лясной актывісты кампаніі “Абаронім лес” здолелі выратаваць ячшэ ў 2010 годзе праз прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Тады на сустрэчы з выбаршчыкамі давераная асоба дзеючага кіраўніка дзяржавы і старшыня Мінскага аблвыканкаму Барыс Батура публічна даў адмашку мясцовым чыноўнікам не кранаць дрэвы.

Да выбараў яшчэ год, Батура ўжо на пенсіі, а Лукашэнка цяпер сам заяўляе, што “лепш лес падсекчы і там будаваць, чым заняць землі сяльгаспрызначэння”. Салігорскія ўлады, нядоўга вагаючыся, прыпыняюць забудову новага мікрараёна ў чыстым полі і аднаўляюць планы па знішчэнні рэкрэацыйнай зоны па вуліцы Лясной. Па інфармацыі актывістаў кампаніі “Абаронім лес”, праектныя працы па ўзвядзенні ў гэтым месцы чарговага жыллёвага комплексу ўжо актыўна вядуцца.

Удзельнікі экалагічнай ініцыятывы прызнаюць, што калі такія фразы гучаць з вуснаў першай асобы, то гэта не дадае шанцаў у барацьбе з чыноўнікамі за зялёныя зоны. Зрэшты, прыродаахоўныя нормы яшчэ ніхто не адмяняў, і таму актывісты рыхтуюць адпаведны зварот ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства