Бяроза: праваабаронцы абскардзілі рашэнне суда па справе забароны пікета
Бярозаўскія праваабаронцы накіравалі скаргу рашэнне Бярозаўскага суда, які прызнаў забарону пікета 25 жніўня абгрунтаванай, у касацыйную інстанцыю – Брэсцкі абласны суд. У скарзе праваабаронцы просяць адмяніць рашэнне ад 14 кастрычніка, а справу перадаць на паўторны разгляд у суд Бярозаўскага раёна іншаму суддзі.
Бярозаўскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне пікета па прычыне адсутнасці дамовы з міліцыяй, якая не была пададзена разам з заявай, і занятасцю стадыёна, што не адпавядала рэчаіснасці.
Паводле праваабаронцаў, суддзя Наталля Вакульчык не звярнула ўвагі на парушэнне Бярозаўскім райвыканкамам арт. 58 Закона “Пра нарматыўна-прававыя акты РБ”, дзе сказана, што рашэнні або пастановы ніжэйшых інстанцый павінны быць зменены суадносна законаў або пастаноў вышэйшых або яны прызнаюцца страціўшымі юрыдычную сілу. Бярозаўскі райвыканкам ужо 2 гады ігнаруе Пастанову Саўміна № 207, дзе сказана, што на працягу дня пасля падачы заявы на пікет наконт аховы правапарадку павінен дамаўляцца сам райвыканкам. Чыноўнікі не толькі своечасова не ўнеслі зменаў у сваё рашэнне адносна арганізацыі масавых мерапрыемстваў, але рэгулярна адсутнасць такой дамовы ўказваюць як парушэнне ўстаноўленага імі парадку арганізацыі акцый.
У судзе не было таксама дадзена належнай ацэнкі і нават не звернута ўвагі на непраўдзівыя звесткі райвыканкама пра занятасць стадыёна на заяўлены час пікета, што з’яўлялася таксама адной з прычын адмовы.
Праваабаронцы спадзяюцца, што відавочныя парушэнні юрыдычных і этычных нормаў Бярозаўскім райвыканкамам стануць падставай для задавальнення скаргі.