viasna on patreon

“Дзяды -2014”: назіранне за мерапрыемствам (ан-лайн)

2014 2014-11-02T11:07:41+0300 2014-11-03T11:09:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dziady-simvolika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Акцыя, прысвечаная Дню памяці продкаў "Дзяды", пачнецца ў Менску 2 лістапада ў 11 гадзін.  Акцыя, заяўленая  Кансерватыўна-Хрысціянская партыяй БНФ дазволеная ўладамі горада ў наступным фармаце:

10.30 — збор удзельнікаў каля будынку Менскага гадзіннікавага завода (пр-т Незалежнасці, 95)

У 11-00 пачнецца шэсце ў Курапаты па маршруце: пр-т Незалежнасці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — Менская кальцавая дарога.

14.30 — 17.00 мітынг у Курапатах.

Назіральнікі за масавымі мерапрыемствамі ПЦ "Вясна" і РПГА "БХК" будуць адсочваць сітуацыю па ўсяму маршруту шэсця і пад час мітынгу. Інфармацыя ад назіральнікаў даступная па хаштэгу  #dziadywatch у Твітэры і facebook  ПЦ “Вясна”.

 

10-50  На месцы збору ўдзельнікаў шэсця прысутнічаюць супрацоўнікі міліцыі. У падземных пераходах на станцыі “Парк Чалюскінцаў” – узмоцненыя нарады супрацоўнікаў міліцыі ў форме. Таксама назіральнікі налічылі каля 16 чалавек у цывільным каля ўваходу метро.

 

11-05. Супрацоўнік МУС прагнаў з пераходу без тлумачэння прычын назіральніка з бэйджам. Міліцыянт патлумачыў, што на мерапрыемстве будуць 3 міліцыянта забяспечваць бяспеку.

11-12. Пачаўся рух калоны ўздоўж праспекту. Назіральнікі налічылі ў калоне каля 250 чалавек. Міліцыі ў форме няма, толькі ў цывільным каля 20 супрацоўнікаў. Адзін супрацоўнік ДАІ.

11-20. Уздоўж калоны рухаецца мікрааўтобус, з якога ажыццяўляецца відэаздымка шэсця.

11-20. Колькасць удзельнікаў мітынгу стала большая за 300 чалавек. Дадалося і “цывільных” сілавікоў, назіральнікі налічылі каля 35 асоб. #dziadywatch 

11-35. Калона рухаецца па маршруце без перашкодаў. Затрыманняў на гэты час назіральнікі не зафіксавалі.

11-40. Час ад часу дэманстранты дружна скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне» — «Героям слава!». Разам з нацыянальнымі беларускімі сцягамі заўважна і ўкраінская сімволіка.

11-50. Канец калоны дэманстрантаў суправаджаюць 5 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

12-10. Людзі ў цывільным у пачатку калоны здымаюць тое, што адбываецца пад час шэсця на відэа. Калона дэманстрантаў вырасла да 400 чалавек. Арганізатары мерапрыемства ў пачатку калоны пазначаныя бэйджамі, - перадаюць назіральнікі.

12-15. У сярэдзіне калоны людзі скандуюць лозунг “Вера, партыя, дзяржава!”

12-27. Змест некаторых транспарантаў, якія нясуць дэманстранты: “Ушануем ахвяраў Курапатаў”, “Абаронім Беларусь ад Расійскіх імперыялістаў”, “Дзяды”, “Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ”.

12-30. Супрацоўнікі Дарожна-партульнай службы (ДАІ) забяспечваюць пераход калоны на чырвоныя сігналы светлафораў.

12-45. На перакрыжаванни вуліц Сядых і Усесвяцкіх мужчына з балкона брыдкасловіў і груба лаяўся на дэманстрантаў. Міліцыя на гэтыя выкрыкі не адрэагавала.

12-50. Павел Севярынец выказаў спадзяванне, што ў Курапатах да мітынгу далучацца і ўдзельнікі з'езда Таварыства беларускай мовы, што адбываецца сёння ў Адукацыйным цэнтры IBB. (Радыё Свабода).

12-32. Сяржук Бахун і яшчэ адзін з удзельнікаў акцыі затрыманыя на пероне ст. метро "Усход" супрацоўнікамі аховы метрапалітэна. Магчыма, ім не спадабалася сымболіка.  Праз некаторы час Бахун і невядомы юнак быў адпушчаны.

13-00. Бяспеку забяспечваюць дружыннікі ад арганізатараў. Яны абазначаюць сябе БЧБ павязкамі. Адзін з дружыннікаў у святлоадбівальнай камізэльцы забяспечвае пераход калоны праз дарогу, ажыццяўляе ўзаемадзеянне з супрацоўнікамі ДПС.

13-30. Пад час шэсця заўважныя эмблемы і сімволіка БХД, КХП БНФ і беларускіх манархістаў.

13-35. Калона рухаецца па вуліцы Гамарніка. На  гэты час у ёй налічваецца каля 340 чалавек. 

13-50. Новая крычалка ў калоне "Пуцін - дрэнны". У калоне нейкі дзядок (мабыць правакатар) пачаў крычаць, лаяцца матам. Людзі ў цывільным яго адвялі некуды ўбок.

14-00. Каля дома 14 па вуліцы Мірашнічэнка верагодна адбылася спроба правакацыі: малады хлопец, які здымаў шэсце на мабільны, раптам пачаў крычаць: “Дзе сапраўдны чырвона-зялёныя сцяг?", Арганізатары падышлі да міліцыянтаў ў цывільным і папрасілі адвесці гэтага правакатара. Разам з міліцыяй гэты лёгкаапрануты чалавек прайшоў у аўтамабіль без апазнавальных знакаў.

14-40. Як паведамляюць назіральнікі, У пераходзе праз МКАД людзі крычалі "Пуцін Х…ло". У Курапатах стаяла 5 людзей у цывільным, 50 чалавек у цывільным суправаджалі калону. На МКАД стаяць два мікрааўтобусы, з якіх выйшла каля 20 чалавек у цывільным і прайшлі ў Курапаты.

З'явіліся таксама і міліцыянты ў форме, з камізэлькамі "інфармацыйная група". Колькасць людзей памяншаецца, каля 300.

15-10. Мітынг у Курапатах  завяршыўся, людзі пачынаюць разыходзіцца. Цяпер пачнуць ўсталёўваць памятныя крыжы і канчаткова разыходзіцца.

Калі людзі разыходзіліся, жанчыну і маладога хлопца,  якія на шэсці неслі ўкраінскі сцяг, спрабавалі затрымаць, але ўдзельнікі мітынгу рашуча адбілі іх. Фатографа, які здымаў інцыдэнт,  адпіхнулі ад месца падзей.

16-10. Пасьля сканчэння мітынгу ў Курапатах каля Камароўскага рынку ў Менску быў затрыманы ўдзельнік Дзядоў Аляксей Дварэцкі. Падрабязнасці затрымання высвятляюцца. #dziadywatch 

Прыкладна а 17.30 удзельніка курапацкага шэсця Аляксея Дварэцкага адпусцілі з Савецкага РУУС. Яго пратрымалі ў пастарунку каля двух гадзін.

Пасля вызвалення Аляксей распавёў карэспандэнту Свабоды, што схоплены быў яшчэ адзін удзельнік акцыі Фёдар Бурак. Абодвух звінавацілі ў тым, што яны неслі ўкраінскія сьцягі падчас шэсця. Міліцыянты матлялі перад тварам нейкімі паперамі, такім чынам правакавалі, пагражалі, што будуць косці ламаць, хапалі за валасы, - перадае Радыё Свабода.

 

Дзяды-2014. Фота "Еўрарадыё".
Дзяды-2014. Фота Радыё Свабода.
Супрацоўнік міліцыі ў цывільным затрымлівае ўдзельніцу шэсця ў Курапаты.
Супрацоўнік міліцыі ў цывільным затрымлівае ўдзельніцу шэсця ў Курапаты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства