viasna on patreon

Справа Пятра Кучуры высвечвае непрафесіяналізм супрацоўнікаў Следчага камітэта

2014 2014-11-05T21:55:58+0300 2014-11-05T21:55:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuchura_piotr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Кучура. Фота: svaboda.org

Пётр Кучура. Фота: svaboda.org

За адмовай ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце катаванняў асуджанага хлоркай ў ПК-15 неадкладна паследвала адмена гэтай пастановы пракуратурай. Гэта чацвертая запар адмененая пастанова сумна вядомага следчага Скавародкіна.

Чарговая пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за подпісам старэйшага следчага Магілёўскага міжраённага аддзела СК П.Л. Скавародкіна, копію якога Людміле Кучура даслаў муж, датаваная 29 верасня 2014 года. У пастанове Пятру Кучуру "традыцыйна" паведамляецца, што "дадзеныя факты не знайшлі свайго пацвярджэння і ў дзеяннях супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15 г.Магілёва адсутнічае склад крымінальна каральнай дзеі, прадугледжанай арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь".

"У дадзенай пастанове следчы зноў піша, што экспертызу праводзіць немэтазгодна, паколькі, як я разумею, лічыць, што прайшло шмат часу. Хаця ў мяне на гэты конт ёсць пытанне: аб правядзенні гэтай экспертызы мы прасілі яшчэ 5 лістапада 2013. Паўгода нам адмаўлялі спрэс, а затым раптам вырашылі прызначыць - дакладней, пастановы аб прызначэнні экспертызы выносіліся, але сама экспертыза, з медыцынскім аглядам мужа, не праводзілася, вывучаліся толькі яго медыцынскія дакументы. А чаму яны не аглядалі Кучуру? Чамусьці Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці ўвесь час увільвае ад гэтага пытання", - распавядае Людміла Міхайлаўна.

З падобных пастаноў следчага і наступных пракурорскіх рашэнняў аб іх адмене Пётр Кучура ўжо можа складаць "летапіс". Скарга Людмілы Кучура па факце неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў ПК-15 паступіла ў УСК па Магілёўскай вобласці з абласной пракуратуры 27.05.2014. І далей пачалося:

27.06.2014 Магілёўскім міжраённым аддзелам СК прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы;

22.07.2014 пракурорам г. Магілёва пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адменена, матэрыял накіраваны для дадатковай праверкі;

25.08.2014 прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы;

28.08.2014 пракурорам г. Магілёва пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адменена, матэрыял накіраваны для дадатковай праверкі;

08.09.2014 прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы;

16.09.2014 пракурорам г. Магілёва пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адменена, матэрыял накіраваны для дадатковай праверкі.

5 лістапада Людміле Кучура стала вядома, што і пастанову следчага Скавародкіна ад 29.09.2014 спасцігла тая ж доля - гарадскі пракурор адмяніў яе.

«Па-мойму, гэта сведчыць аб тым, што ў Следчым камітэце працуюць непрафесіяналы, недасведчаныя ў сваёй справе людзі. У мяне пытанне: паводле якіх крытэраў іх туды падбіраюць? Гледзячы на гэтую маю перапіску са Следчым камітэтам па Магілёўскай вобласці, жахаешся. Як у нас наогул раскрываюцца справы? Бо атрымліваецца, у маім выпадку, што Следчы камітэт адкрыта ідзе на ўтойванне злачынства, здзейсненага супрацоўнікамі ПК-15 Магілёва. Гэта сведчыць аб якасці працы камітэта. Як я магу давяраць вынікам іх працы, калі адмяняецца ўжо чацвертая іх пастанова? Чаму Следчы камітэт баіцца даць нам для азнаямлення матэрыялы праверкі? І чаму з'яўленне нашага адваката ў Магілёве, мякка кажучы, вельмі засмуціла следчага Скавародкіна?» - ставіць пытанні Людміла Кучура, каментуючы гэты факт.

Нягледзячы на тое, што замкнёнае кола - з пастаноў следчага Скавародкіна і наступных рашэнняў пракурора аб іх адмене - разарваць пакуль не атрымоўваецца, жонка асуджанага, з яе словаў, здавацца не збіраецца. «У такіх выпадках, як з маім мужам, самім асуджаным ды і іх сваякам вельмі складана чагосьці дамагчыся. Я думаю, мой муж не першы і не апошні, каго катавалі хлоркай, але такіх выпадкаў, агучаных публічна, няшмат. Як паказвае гэтая мая перапіска, у такой справе неабходна велізарнае цярпенне і ўпартасць, а людзі часта здаюцца. Але я лічу, што пра такія выпадкі трэба гучна заяўляць і дамагацца свайго. Я лічу, што павінна гэта рабіць, каб гэтымі сваімі дзеяннямі, магчыма, дапамагчы спыніць катаванні і ў дачыненні да іншых асуджаных. Бо гэта страшэнны здзек, у выніку людзі выходзяць на волю з падарваным здароўем, а таксама вядомы выпадкі са смяротным зыходам у выніку атручвання асуджаных хлоркай».

Людміла Кучура заяўляе, што не стоміцца ​​дамагацца азнаямлення з матэрыяламі праверкі, якія ад яе як заяўніка і яе мужа як пацярпелага старанна хавае следчы орган. Яна не губляе надзеі, што службовыя асобы, якія здзейснілі злачынства, будуць пакараныя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства