viasna on patreon

У Бялыніцкім раёне зноў прымушаюць здаваць другасную сыравіну

2014 2014-11-10T13:57:23+0300 2014-11-10T14:17:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/makulatura.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім раёне працаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна зноў у загадным парадку прымушаюць здаваць другасную сыравіну. Распараджэннем Бялыніцкага райвыканкама калектывам арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак раёна даведзены гадавыя заданні па нарыхтоўцы другаснай сыравіны і зараз райвыканкам патрабуе іх безумоўнага выканання да канца бягучага года.

У сувязі з гэтым супрацоўнікам арганізацый раёна даведзены заданні, колькі бытавых адыходаў павінен здаць кожны з іх у бліжэйшы час, за невыкананне заданняў кіраўніцтва арганізацый пагражае працаўнікаў пазбаўленнем прэмій. Людзі абураюцца даведзенымі заданнямі, тым больш што многія з іх ужо раней выканалі адпаведныя ранейшыя загады па збору адыходаў.

“Сітуацыя часам складваецца анекдатычная, - распавядае выдавец бялыніцкай маланакладнай газеты “Паходня” Барыс Вырвіч. – Я быў сведкам таго, як супрацоўнік МНС хадзіў па хатах сваіх знаёмых і прасіў даць шкляныя і пластыкавыя бутэлькі, бо яму давялі заданне, якое ён павінен абавязкова выканаць. Супрацоўнікам школ і дзіцячых садкоў дык гэтыя заданні даводзілі ўжо па некалькі разоў. Літаральна пару дзён таму на ўласныя вочы бачыў пісьмовае заданне, дзе супрацоўнікам аднаго з дзіцячых садкоў раёна загадваецца здаць кожнаму па 15 кг макулатуры, 5 кг поліэтыленавых бутэлек, 56 кг шклобою і 3 кг рыззя. Работнікі адукацыйных установаў таксама просяць бацькоў вучняў і выхаванцаў дзіцячых садкоў, каб тыя прыносілі разнастайныя адыходы. Самі яны ў прыватных гутарках абураюцца тым фактам, што іх у прымусовым парадку зрабілі зборшчыкамі смецця, аднак далей размоў справа не ідзе, баяцца, што за невыкананне чарговых заданняў іх пазбавяць прэміяльных, тым больш што такія выпадкі ўжо мелі месца ў нашым раёне”.

Як паведамляе бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю”, на 30 кастрычніка гадавы план прадпрыемствамі, арганізацыямі і гаспадаркамі раёна па нарыхтоўцы макулатуры выкананы на 39,7%, шкла – 59,7%, палімерных вырабаў – 48,9%, тэкстыльных адыходаў – 95,9%. Так што яшчэ шмат працы ў якасці збошчыкаў смецця мае быць зроблена працаўнікамі арганізацый Бялыніцкага раёна да канца 2014 года.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства