Выселеныя з кватэр магілеўчане падазраюць чыноўнікаў у датычнасці да карупцыйных схем з жыллём
Магілёўцы паскардзіліся Лукашэнкі з нагоды іх высялення з кватэр. Яны просяць правесці праверку датычна мясцовых чыноўнікаў, якія могуць быць замяшанымі ў карупцыйных схемах.
11 жыхароў д.59 па вуліцы Ленінскай напісалі калектыўны зварот на імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Яны лічаць, што толькі ён можа вырашыць іх пытанне, бо ўсе астатнія дзяржаўныя органы – мясцовыя выканкамы, КДБ, КГК, суды і пракуратура аказаліся абыякавымі да іх праблемы.
Справа ў тым, што на падставе судовага рашэння некалькі сем’яў было пераселены з кватэр д.59 па вуліцы Ленінскай у інтэрнат па вуліцы Піянерскай, 48. Ініцыяваў перасяленне Будаўнічы трэст №12. Выселеныя грамадзяне заяўляюць аб фальсіфікацыі дакументаў, паводле якіх д.59 па вуліцы Ленінскай без іх ведама і згоды з недобраўпарадкаванага дома перавялі ў стан інтэрната, які затым аддалі на баланс Будаўнічага трэста №12.
Тым часам ва ўсіх іх ёсць ордэры на выдачу кватэр. Усе яны мелі кватэры плошчай ад 40 да 60 квадратных метраў, а цяпер вымушаны туліцца ў інтэрнаце, дзе на чалавека па закону прадугледжана плошча ў 6 квадратных метраў.
- Пасля распаду Савецкага Саюза кватэры жыхарам дома мясцовыя чыноўнікі прыватызаваць не далі, як і не выдавалі даведкі для будаўніцтва іншага жылля. У сувязі з тым, што дом меў патрэбу ў капітальным рамонце, жыльцам забаранілі прапісваць іншых грамадзян, - кажа юрыстка незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава.
28 студзеня 2014 года падчас судовага пасяджэння д.59 па вуліцы Ленінскай быў прызнаны аварыйным, а ўсе жыхары мусілі быць пераселены. Аднак грамадзян перасялілі не ў кватэры, а ў пакоі ў інтэрнаце.
- Тым часам на руках у чатырох магілёўскіх сем’ях ёсць доказы таго, што дом, у якім яны пражылі не адно дзесяцігоддзе, з’яўляецца домам, а не інтэрнатам, - гаворыць Алена Барысава.
Юрыст адзначае, што, па-першае, у грамадзян ёсць на руках ордэры аб выдачы кватэр. Па-другое, ёсць палажэнне Міністэрства камунальнай гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР ад 2 верасня 1967 года аб інтэрнатах сістэмы галоўнага ўпраўлення камунальнай гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР, у адпаведнасці з якім рашэнню на прадастаўленне інтэрната мусіць адпавядаць форма ордэра на заняцце жылплошчы ў інтэрнаце, якіх у грамадзян няма, бо ў іх ордэры на кватэры. Па-трэцяе, з пісьмовых адказаў ЖКГ 2009 і 2013 года пазначана, што займаемыя людзьмі памяшканні з’яўляюцца кватэрамі. Па-чацвёртае, камунальныя плацяжы на працягу ўсяго часу здзяйсняліся як за кватэры, а не інтэрнат. Па-пятае, у дома вялася дамавая кніга, дзе пазначаліся звесткі аб прапісаных грамадзянах, а дамавыя кнігі выдаюцца толькі ўласнікам домавалодання. Па-шостае, з грамадзянамі індывідуальна заключаны дамовы на пастаўку газа ў балонах і з РУП “Белтэлеком” на тэлефонныя лініі ў кватэрах. Подпісаў узгадняючых гэта з камендантам інтэрната няма, бо самога каменданта ў гэтым доме ніколі не было. Па-сёмае, мэбля і іншы інвентар належыць грамадзянам, а не выдавалася ім інтэрнатам. Па-восьмае, да з’яўлення экстраннай неабходнасці перасяліць грамадзян у іншае месца Будаўнічы трэст №12 прызнаваў права за грамадзянамі на атрыманне кватэр. Гэта вынікае з адказу з гарвыканкама за 2007 год, дзе гутарка ідзе пра пошук інвестара для будаўніцтва новага дома на месцы існуючага і выдзялення жыхарам кватэр. Па-дзявятае, у адпаведнасці з графікам прыёма-перадачы ва ўласнасць “Будаўнічы трэст №12” перадаў на баланс выканкама недобраўпарадкаваны дом, а не інтэрнат.
У судзе стала вядома, што д.59 па вуліцы Ленінскай быў зарэгістраваны ў органах рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі нерухомасці з прызначэннем “будынак інтэрната” толькі ў 1988 годзе, то бок, пасля засялення грамадзян у кватэры. Пра гэта жыхароў дома ніхто не ўведаміў.
- На дадзены момант адміністрацыя інтэрната спрабуе заключыць з грамадзянамі тэрміновую дамову на пражыванне ў інтэрнаце тэрмінам на 5 год. Пасля сканчэння гэтага тэрміну магілёўцы ўвогуле могуць апынуцца на вуліцы, - працягвае Алена Барысава.
Зараз дом перададзены на баланс Магілёўскага гарвыканкама, і грамадзяне лічаць, што на яго месцы хутка паўстане новы дом, бо месца на цэнтральнай вуліцы горада вельмі прыцягальнае для патэнцыйных інвестараў. Аднак ці атрымаюць яны кватэры – пытанне, на якое пакуль няма адказу.