viasna on patreon

Рагачоўская раёнка распачала інфармацыйную кампанію да выбараў прэзідэнта

2014 2014-11-11T17:56:43+0300 2014-11-11T17:56:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vybarchyucastak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кампанія па выбарах прэзідэнта плануецца толькі на восень 2015 года, а раённая рагачоўская газета «Свабоднае слова» вырашыла ўжо зараз распачаць інфармацыйную кампанію. Выданне размясціла артыкул «Апазіцыя лепіць гарбатага», у якім бэсціць прадстаўнікоў дэмакратычных партый.

«У сувязі з будучымі ў хуткай будучыні выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь так званая апазіцыя дэманструе грамадству нулявы багаж і нулявую электаральную базу». Невядомы аўтар артыкулу спасылаецца на нейкае праведзенае апытанне, вынікі якога паказалі: «калі палітычныя партыі не зоймуцца працай, то, на думку сацыёлагаў, на выбарах ім рабіць няма чаго».

Але нават праца не дапаможа апазіцыянерам, упэўнены аўтар, таму што «у краіне няма апазіцыі ў поўным сэнсе гэтага слова, ёсць толькі празаходнія прыстасаванцы, якія не маюць свайго пункту гледжання». Цікавыя высновы: апазіцыі няма, але артыкул, прысвечаны ёй, з'явіўся на старонках раённага выдання.

Далей «журналіст» прайшоўся па «апазіцыі, якой няма», але якая збіраецца вылучыць адзінага кандыдата. Але, як вынікае з артыкулу, і «адзінага» не існуе, бо «інтрыга па вылучэнні неіснуючага кандыдата на выбары ад апазіцыі не стала выключэннем».

Аўтар артыкулу бэсціць «прадажных манкуртаў», абвінавачвае іх у атрыманні грантаў, якія ідуць на «адпускныя ваяжы, куплі аўтамабіляў, гаражоў, арганізацыю вяселляў сыноў, на набыццё чарговай жылплошчы».

Напрыканцы «журналіст» палохае чытачоў падзеямі ў суседняй краіне: «Дастаткова паглядзець, што адбываецца ў нашых суседзяў на Поўдні, каб моцна задумацца, а ці варта за такімі «дэмакратамі» кудысьці ісці».

Не цяжка спрагназаваць, што з набліжэннем выбараў колькасць такіх артыкулаў будзе памнажацца ў геаметрычнай прагрэсіі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства