viasna on patreon

Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з нагоды працоўнай дыскрымінацыі зняволеных

2014 2014-11-12T12:19:00+0300 2014-11-19T10:55:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_in_office.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі

Кіраўнік ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі просіць Канстытуцыйны суд разгледзець пытанне аб парушэнні правоў асуджаных пры прадастаўленні ім працоўнага адпачынку і прыняць меры для скасавання адпаведнай прававой калізіі.

У звароце, накіраваным у Канстытуцыйны суд 10 лістапада, праваабаронца ўказвае, што ўмовы прадастаўлення працоўнага адпачынку асуджаным адрозніваюцца ад умоваў, у адпаведнасці з якімі такі адпачынак прадастаўляецца іншым грамадзянам.

Сутнасць прававой калізіі ў наступным. У адпаведнасці з часткай 4 артыкула 99 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, права на працоўны адпачынак маюць асуджаныя, якія адпрацавалі не менш за адзінаццаць месяцаў у каляндарным годзе. Такім чынам, калі асуджаны адпрацаваў менш за адзінаццаць месяцаў у каляндарным годзе, то гэты час працы не ўлічваецца для прызначэння адпачынку, і адпачынак за фактычна адпрацаваны час у такім выпадку яму не прадастаўляецца наогул. Працоўным заканадаўствам гэтае пытанне вырашана інакш: у адпаведнасці з артыкулам 153 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, працоўны адпачынак прадастаўляецца за працу на працягу працоўнага года (штогод). Згодна з артыкулам 163 Працоўнага кодэкса, працоўны год, за які прадастаўляецца працоўны адпачынак, – прамежак часу, роўны па працягласці каляндарнаму году, аднак вылічваецца для кожнага работніка з дня прыёму на працу. Працоўныя адпачынкі (асноўны і дадатковы) за першы працоўны год прадастаўляюцца не раней чым праз шэсць месяцаў працы ў наймальніка, за выключэннем некаторых выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 166 Працоўнага кодэкса. Такім чынам, увесь адпрацаваны час грамадзянаў, якія працуюць па працоўнай дамове, улічваецца пры прадастаўленні адпачынку.   

Былы палітвязень у звароце прыводзіць свой прыклад: “У 2012 годзе я, адбываючы пакаранне ў ПК-2, адпрацаваў на вытворчасці 9 месяцаў (з 01.04.2012 па 31.12.2012), і, у адпаведнасці з крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, не меў права на адпачынак. Працоўны адпачынак быў прадстаўлены мне толькі ў 2014 годзе за 12 месяцаў працы ў папярэднім 2013 годзе. У 2014 годзе я таксама адпрацаваў з 1 студзеня па 20 чэрвеня, і пры вызваленні не атрымаў кампенсацыю за невыкарыстаны працоўны адпачынак”.

Праваабаронца мяркуе, што такое заканадаўчае рэгуляванне парушае канстытуцыйны прынцып юрыдычнай роўнасці ўсіх перад законам і права не падвяргацца дыскрымінацыі, замацаваныя ў артыкуле 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ставіць у няроўныя ўмовы асуджаных, якія працуюць у месцах пазбаўлення волі, і грамадзянаў, якія працуюць свабодна. Акрамя таго ён указвае, што норма часткі 4 артыкула 99 КВК неабгрунтавана і непамерна абмяжоўвае для асуджаных права працаўніка на адпачынак, гарантаванае часткай 1 артыкула 43 Канстытуцыі, і тут жа нагадвае прапрынцып прапарцыйнасці абмежавання правоў і свабодаў асобы, які адпавядае патрабаванням прававой дзяржавы, што вынікае з палажэнняў часткі 1 артыкула 23 Канстытуцыі.

“Непрадастаўленне адпачынку за фактычна адпрацаваны на працягу каляндарнага года час, калі гэты перыяд складае менш за адзінаццаць месяцаў (як гэта прадугледжана часткай 4 артыкула 99 КВК), не дыктуецца інтарэсамі нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абаронай маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў (правамерныя мэты абмежаванняў паводле артыкула 23 Канстытуцыі), не з'яўляецца суразмерным і неабходным для дасягнення мэтаў крымінальнай адказнасці і прыводзіць да дыскрымінацыі асуджаных у параўнанні з астатнімі грамадзянамі”, - робіць выснову Алесь Бяляцкі ў сваім звароце.

Кіраўнік “Вясны” разглядае ўзнятую праблему ў кантэксце агульнай сітуацыі з выкарыстаннем прымусовай працы ў Беларусі. “Улады распачалі шырокую кампанію па барацьбе з дармаедствам. Прымушаючы людзей працаваць, яны зусім не хочуць справядліва аплочваць гэтую працу. А ў выпадку са зняволенымі дык і ўвогуле аплата за працу нагадвае нейкі здзек, - кажа Алесь Бяляцкі. - Да прыкладу, мой месячны заробак за апошні час  у калоніі, пасля вылікаў, складаў 20-40 тысячаў рублёў. І нікога не турбуе, што зняволены можа купіць за гэтыя грошы, як можа аплочваць абавязковыя налічаныя выдаткі. Аббіраюцца не толькі зняволеныя, аббіраюцца і іх сем'і, вымушаныя падтрымліваць сваіх родных, якія цяжка працуюць за міску поліўкі, як бязслоўныя рабы на плантацыях латыфундыстаў. А "даўжнікі" перад дзяржавай пазбаўляюцца амністыі, датэрміновага вызвалення, ім абразаюць спатканні з роднымі, іх не пераводзяць на іншы рэжым утрымання, на іх ціснуць з усіх сілаў, каб выбіць апошнюю капейку. Месяцамі  зняволеныя працуюць, не маючы права на адпачынак. А зараз з усёй краіны майструецца адная вялікая зона. Несвабоднай краіне трэба болей  бясплатных рабоў. Мы ўсё болей і болей вяртаемся ў бяспраўныя сталінскія часы”.

Праваабаронца у сваім звароце ў Канстытуцыйны суд заяўляе пра неабходнасць праверыць канстытуцыйнасць асобных палажэнняў артыкула 99 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь – у частцы парадку вызначэння тэрміну, які асуджаны павінен адпрацаваць для атрымання права на штогадовы адпачынак, устанавіць неадпаведнасць гэтай нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Алесь Бяляцкі просіць інстанцыю, якая ажыццяўляе канстытуцыйны нагляд, прыняць рашэнне аб наяўнасці ў КВК прававой недакладнасці (адсутнасці ўказання аб тым, што працоўны год, за які прадастаўляецца працоўны адпачынак, гэта прамежак часу, роўны па працягласці каляндарнаму году, але вылічваецца для кожнага асуджанага з дня прыцягнення да працы) і сфармуляваць прапанову заканадаўцу пра неабходнасць скасавання ў КВК указанага прабелу.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства