Міліцыя выклікае ўдзельнікаў Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы
13-га лістапада кіраўніцы гродзенскай абласной арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч затэлефанаваў участковы і прапанаваў ёй прыйсці на размову для тлумачэнняў. Як высветлілася, тэмай апытання з’яўляецца ўдзел актывісткі ў нібыта несанкцыянаванай акцыі -- традыцыйным Дні памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў, якая штогод ладзіцца ў Свіслачы Гродзенскай вобласці. Удзельнікі гэтага мерапрыемства наведваюць магілу Віктара Каліноўскага, брата Кастуся, ускладаюць кветкі на памятных мясцінах, звязаных з паўстаннем, наведваюць Якушоўку, дзе была родавая сядзіба Каліноўскіх, узгадваюць герояў, якія аддалі сваё жыццё за вольнасць Радзімы. У гэтым годзе імпрэза па часе супала з пахаваннем свіслацкага актывіста Віктара Дзесяціка, які шмат сілаў і часу аддаў, каб гэты дзень і гэтае свята стала масавым, і памяць пра беларускіх герояў засталася ў людcкой памяці.
– Я ніяк не магу прывыкнуць да цынізму ўладаў, – распавядае Аляксандра Васілевіч. – Я разам з сябрамі прыехала на пахаванне Віктара Дзесяціка, ну і, зразумела, што ў гэты дзень не магла не наведаць мясціны, звязаныя з паўстаннем Кастуся Каліноўскага, якія так стараўся захоўваць Віктар. І тут раптам мне кажуць, што я была на несанкцыянаваным мерапрыемстве. У нас ужо і на пахаванне чалавека трэба браць дазвол, ці як? Мы гэта так не пакінем. Людзі даведаюцца пра падобныя дзеянні сілавікоў.
Як стала вядома, у міліцыю па гэтым пытанні таксама выклікаюць і яшчэ аднаго гарадзенца, актывіста АГП Віктара Бабкіна. Ваклікае той самы ўчастковы. Таму не выключана, што хутка іншыя ахоўнікі парадку пачнуць масава выклікаць сваіх "падапечных".
Яшчэ раней за гэта ж пад пераслед патрапіў свіслацкі актывіст, сябра Віктара Дзесяціка Юры Глебік.