"Яшчэ ў чэрвені Інтыгам Аліеў насіў майку з маім партрэтам, зараз майку з яго партрэтам нашу я" (відэа)
Днямі ў Азербайджане група прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і адвакатаў звярнуліся да прэзідэнта краіны Ільхама Аліева з заклікам аказаць садзейнічанне ў вызваленні з-пад варты вядомага праваабаронцы Інтыгама Аліева, кіраўніка "Таварыства прававой асветы".
Аўтары звароту просяць прэзідэнта прыняць да ўвагі цяжкі стан здароўя актывіста і яго заслугі ў падрыхтоўцы юрыдычных кадраў Азербайджана, піша "Каўказскі вузел". Інтэрнэт-выданне нагадвае, што Інтыгам Аліеў быў затрыманы 8 жніўня па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і незаконным прадпрымальніцтве, суд арыштаваў праваабаронцу на тры месяцы, а 24 кастрычніка арышт быў падоўжаны да 8 лютага 2015 года.
"Інтыгам Аліеў з'яўляецца адным з нямногіх у Азербайджане, хто стаў увасабленнем прынцыпаў справядлівасці, маральнай чысціні, асветніцтва для людзей з рознымі палітычнымі поглядамі і з розных слаёў насельніцтва. Інтыгам Аліеў быў педагогам дзясяткаў цяпер дзеючых адвакатаў. Ён пастаянна і бескарысліва служыў справе асветы моладзі дзеля яе светлай будучыні", - гаворыцца ў петыцыі да кіраўніка Азербайджана, якую падпісалі 70 актывістаў і адвакатаў. Аўтары паслання лічаць, што неабходна тэрмінова забяспечыць Інтыгаму Аліеву нармальныя ўмовы для лячэння. У адваротным выпадку яго жыццё апынецца пад пагрозай.
Актывісты заклікаюць кіраўніка дзяржавы з улікам стану здароўя Аліева аказаць садзейнічанне ў замене арышту на іншую меру стрымання, не звязаную з утрыманнем пад вартай. "У выпадку неабходнасці мы гатовыя паручыцца за Інтыгама Аліева", - гаворыцца ў завяршэнні петыцыі.
Раней, у сувязі з рэзкім пагаршэннем стану здароўя Аліева, абарона накіравала зварот у ЕСПЧ з просьбай прыняць справу Аліева да тэрміновага разгляду, і 10 лістапада суд апавясціў адваката аб задавальненні гэтай просьбы і накіраванні ўраду Азербайджана пытанняў, звязаных са справай Аліева і станам яго здароўя, на якія трэба адказаць да 17 лістапада. Атрымаць каментары ў дзяржаўных органах Азербайджана аб тым, ці накіраваны адказы на запыты ЕСПЧ у сувязі са сканчэннем тэрміну, прадастаўленага на гэта Страсбургскім судом, журналістам пакуль не ўдалося.
Інтыгам Аліеў з'яўляецца адным з 98 палітвязняў Азербайджана, якія сталі лаўрэатамі Прэміі Свабоды імя Андрэя Сахарава, уручэнне якой адбылося ў Осла на мінулым тыдні. Нагадаем, гэтая прэмія была заснаваная Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам у 1980 годзе са згоды акадэміка Сахарава для падтрымкі людзей, якім пагражаюць пераследам за іх погляды, перакананні і пазіцыю. Як адзначаецца ў заяве НХК, азербайджанскія праваабаронцы вызначылі імёны гэтых 98 палітвязняў, грунтуючыся на крытэрах Савета Еўропы.
У падтрымку азербайджанскіх калегаў выступіў кіраўнік "Вясны" і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі, запрошаны на цырымонію ўручэння як лаўрэат прэміі 2006 года і нядаўні палітвязень Беларусі, вызвалення якога настойліва дамагаліся у тым ліку і нарвежскія праваабаронцы. Падчас свайго выступу Алесь Бяляцкі на знак салідарнасці апрануў на сябе футболку з партрэтам Інтыгама Аліева і заклікам да яго вызвалення.
«У сваім выступе я адзначыў, што калі кажу пра Азербайджан - думаю і пра Беларусь. І наадварот. Таму што нашы аўтарытарныя рэжымы вельмі падобныя. Яны вучацца адзін у аднаго, якім чынам кантраляваць грамадства, якім чынам змагацца з грамадзянскімі актывістамі і праваабаронцамі. За апошнія два гады ў Азербайджане пасадзілі некалькі дзясяткаў чалавек - на розныя тэрміны, з розных прычынаў. Сярод іх - і праваабаронцы, і актывісты, і журналісты, і блогеры. Сёлета, як вядома, асабліва моцны ўдар быў нанесены па праваабаронцах Азербайджана. Заключаючы пад арышты, ім вылучалі абвінавачванні па тым жа артыкуле за нявыплату падаткаў, па якім быў асуджаны я ў Беларусі. Тут можна бачыць відавочную паралель: улады спрабуюць іх скампраметаваць у вачах азербайджанскай грамадскасці», - кажа Алесь Бяляцкі.
Кіраўнік «Вясны» расцэньвае прысуджэнне Прэміі Свабоды імя Андрэя Сахарава азербайджанскім палітвязням як пэўнае пасланне ад грамадзянскай супольнасці Нарвегіі. Пасланне азербайджанскаму ўраду - з тым, каб улады краіны не парушалі правы чалавека і не пераследавалі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Пасланне азербайджанскаму народу - з выказваннем падтрымкі ў яго імкненні да дэмакратычнага цывілізаванага грамадства, дзе захоўваліся б правы чалавека.