Адміністрацыя "Мінск-Арэны": Ахова адбірала ў гледачоў украінскія сцягі, каб пазбегнуць палітычных акцый
Намеснік генеральнага дырэктара спарткомплексу "Мінск-Арэна" Мікалай Сергіенка лічыць дзеянні аховы падчас канцэрта ўкраінскага рок-гурту "Океан Ельзи" "абсалютна правільнымі".
Нагадаем, юбілейны канцэрт "Океана Ельзи" прайшоў вечарам 21 лістапада і супаў з Днём годнасці і волі, які сёлета ўпершыню адзначаецца ва Украіне ў сувязі з гадавінай пачатку падзей на Майдане. Некаторыя прыхільнікі гурту неслі на канцэрт дзяржаўныя сцягі і іншую сімволіку Украіны, якую адбіралі каля ўваходу ў будынак "Мінск-Арэны" супрацоўнікі АМАП. Інцыдэнты атрымалі працяг і ў зале, куды некаторым гледачам усё ж удалося пранесці сцягі і стужачкі нацыянальных колераў Украіны.
"Згодна з правіламі, на "Мінск-Арэне" правядзенне розных мітынгаў, маніфестацый, рэкламных акцый, не ўстаноўленых дагаворнымі адносінамі, забароненае, — растлумачыў Сергіенка. — Сцягі забіраць права не мелі, бо гэта асабістыя рэчы, таму ахова прапаноўвала здаць іх у камеру захоўвання".
На пытанне, ці можна прыраўнаваць дэманстрацыю дзяржаўнага сцяга Украіны да правядзення мітынгу, намеснік гендырэктара "Мінск-Арэны" адказаў: "Гэта не так. Але калі б у гледачоў былі сцягі іншых дзяржаў, маглі б адбыцца розныя палітычныя акцыі. Калі б са сцягамі зайшлі ў залу, іх прыйшлося б адбіраць там, а гэта яшчэ горш. Мы ніколі не дазваляем праходзіць з любой сімволікай, не дазволенай у рэгламенце правядзення мерапрыемства. У той жа час, калі б гулялі ў хакей каманды Украіны і Беларусі, ніхто не забараніў бы праносіць сцягі гэтых дзяржаў. Іншая справа, калі прывязуць іншыя сцягі".
Акрамя таго, дадаў Сергіенка, канцэрт "Океана Ельзи" меў "спрэчную аснову, бо гурт крыху альтэрнатыўны". "Мы іх папярэдзілі, каб яны паводзілі сябе годна. Гэтыя песні — напрыклад "Уставай" і іншыя… Мы ўзгаднялі з імі, каб яны не спявалі пэўныя песні. Не таму, што мы супраць гэтых песень, мы не хочам нагнятання абстаноўкі ў зале, каб людзі паставіліся неадназначна і гэта вылілася б у нейкія ненармальныя адносіны", — сказаў намеснік гендырэктара спарткомплексу.
У сваю чаргу прадстаўнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Акула Прамоўшн", якое было арганізатарам канцэрта "Океана Ельзи", паведаміў БелаПАН: рашэнне не дапускаць з'яўлення ўкраінскай сімволікі ў зале "Мінск-Арэны" было прынятае ўпраўленнем унутраных спраў Мінгарвыканкама.
Атрымаць каментарый ва УУС пакуль не ўдаецца.
Заўважым, што прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс 23 лістапада напісаў у сваім афіцыйным акаўнце ў "Твітэры": "Калегі, гэта нармальна? Няўжо ўкраінскі сцяг забаронены ў Беларусі?"
24 лістапада пад гэтым запісам з'явіўся каментарый беларускага МЗС. "Па дадзеным МУС, калі на канцэрце аншлаг, тое самае было б і з нашым сцягам, каб не замінаў гледачам. Любяць у нас Океан Эльзи!"