viasna on patreon

Аляксандр Вайцешык скардзіцца на ўмовы ўтрымання ў Нясвіжскім ІЧУ

2014 2014-11-24T23:21:00+0300 2014-11-25T00:21:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vajceshyk-aliaksandr-baran.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык, які адбыў 2-х дзённае затрыманне ў нясвіжскай міліцыі за просьбу выдаць яму кнігу скаргаў і прапаноў у пункце грамадскага харчавання г. Нясвіжа, напісаў скаргу ў Генеральную пракуратуру на ўмовы ўтрымання яго пад вартай у камеры № 4 і просіць зачыніць Ізалятар часовага ўтрымання Нясвіжскага РАУС.

Аляксандр Вайцешык скардзіцца, што ў камеры было вельмі холадна, асабліва ноччу, з-за таго, што батарэя не грэла. Па ягоных адчуваннях, тэмпература ўдзень скадала +12-14 градусаў, а ноччу каля 10. Ад холаду не было сна і немагчыма было сагрэцца. Вентыляцыя ў камеры таксама не працавала, і ад дыма курцоў было вельмі цяжка дыхаць. Таму ў яго з’явіўся моцны кашаль, боль у спіне і паясніцы. У скарзе адзначаецца, што ў камеры № 4 няма туалета, а сукамернікі карысталіся адкрытым вядром, якое стаяла ў брудным куце. Смурод у камеры быў настолькі вялікі, што ў такіх умовах немагчыма адчуваць сябе чалавекам. І ў такіх антычалавечых і антысанітарных умовах затрыманыя павінны былі снедаць, абедаць, вячэраць і ноччу спаць. У прыбіральню, адзначае Аляксандр Вайцешык, сукамернікаў не выводзілі з-за недахопу міліцыянераў.

У камеры № 4 не было вады для піцця, недастаткова дзённага і электрычнага святла, доктар ні разу не праводзіў агляду стану затрыманых, патэлефанаваць сям’і ці родзічам не ўяўлялася магчымым, на шпацыр затрыманых таксама ніхто не выводзіў.

Аляксандр Вайцешык лічыць, што ўмовы яго ўтрымання ў Нясвіжскім РАУС з 17 па 19 лістапада ў сукупнасці парушаюць яго правы, прадугледжаныя арт. 25 Канстытуцыі РБ, арт. 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 18.3 ПВКаАП РБ і Правіламі ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, зацвержданыя пастановай МУС РБ ад 08.08.2007 года № 194.

Аляксандр Вайцешык просіць Генеральную пракуратуру:

1. Правесці пракурорскую праверку па ўказаных фактах з абавязковым наведваннем Ізалятара часовага ўтрымання па адрасе: г. Нясвіж, вул. Савецкая, д.30 на прадмет выканання правоў чалавека і дзеючага заканадаўства пры ажыццяўленні дзейнасці спецыяльнай установы.

2. Прызнаць умовы яго ўтрымання ў Ізалятары часовага ўтрымання Нясвіжскага РАУС жорсткімі, бесчалавечнымі і зняважаючымі чалавечую годнасць.

3. Зачыніць Ізалятар часовага ўтрымання Нясвіжскага РАУС да таго часу, пакуль не будуць выкананыя неабходныя ўмовы ўтрымання ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

4. Пакараць вінаватых адказных асоб.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства