Юрася Беленькага будуць судзіць за шэсце ў Лошыцу
Чарговы адміністратыўны працэс па справе намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрася Беленькага адбудзецца 28 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Мінска.
Пачатак у 11:30. Суддзя – Надзея Навіцкая.
Апазіцыйны актывіст з’яўляецца адным з арганізатараў шэсця ў Лошыцкі Яр у Мінску - да месца расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору, якое адбылося 9 лістапада. На яго складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства) - за неаплату паслугаў міліцыі па ахове грамадскага парадку падчас акцыі.
Нагадаем, што 17 лістапад па гэтым жа артыкуле суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Анастасія Папко аштрафавала Юрася Беленькага на тры мільёны рублёў (20 базавых велічынь) за акцыю Дзяды, якую актывісты КХП БНФ ладзілі ў сталіцы 2 лістапада.