Вітаем новы Дом правоў чалавека ў Чарнігаве!
У Чарнігаве адбылося адкрыццё Дома правоў чалавека, які будзе выконваць ролю каардынацыйнага цэнтра для праваабаронцаў з розных рэгіёнаў Украіны. Сярод яго заснавальнікаў - грамадскія арганізацыі Ужгарада, Крыма, Луганска, Чарнігава.
Старшыня Адукацыйнага Дому правоў чалавека ў Чарнігаве – Сяргей Бураў, кіраўнік грамадскага аб’яднання MART (Чарнігаў) і сябра праўлення Украінскага Хельсінкскага саюза па правах чалавека.
Па сутнасці, гэта рэсурсны цэнтр, які будзе прадастаўляць паслугі па навучанні, правядзенні грамадскіх кампаній і нават часовага пражывання спецыялістаў у галіне правоў чалавека і грамадскіх актывістаў з усёй Украіны. Менавіта адукацыйны фармат функцыянавання Дома ўкраінскія праваабаронцы запазычылі ў беларускіх калегаў: у 2006 годзе беларускія няўрадавыя арганізацыі стварылі Дом правоў чалавека ў Вільні, паколькі ўнутры краіны рэалізацыя такога праекта немагчымая.
Чарнігаўскі Дом правоў чалавека не адзіны ва Украіне. У 2013 годзе з ініцыятывы Украінскага Хельсінкскага саюза па правах чалавека, пры ўдзеле 10 уплывовых праваабарончых арганізацый, быў заснаваны Дом правоў чалавека ў Кіеве.
Першы Дом правоў чалавека адкрыўся ў 1989 годзе ў Нарвегіі, а ў 1994 годзе з'явілася цэлая міжнародная Сетка Дамоў правоў чалавека, у якую сёння ўваходзяць арганізацыі 15 краінаў.