viasna on patreon

Гродна: журналіст Андрэй Мялешка аштрафаваны на 40 базавых велічынь

2014 2014-12-02T13:25:39+0300 2014-12-02T13:25:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mialeshka-andrej-grodna-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

   2 снежня да чарговага штрафу паводле артыкулу 22.9, частка 2 Адміністрацыйнага кодэксу (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі) быў асуджаны гродзенскі журналіст-фрылансер Андрэй Мялешка. Паводле пастановы суддзі Ленінскага раённага суда Юрыя Казакевіча ён аштрафаваны на 40 базавых велічынь, што складае 6 мільёнаў беларускіх рублёў.

   16 кастрычніка бягучага года Андрэй Мялешка ў абласной бібліятэцы імя Карскага на прэзентацыі гістарычных выданняў запісаў кароткі каментар аднаго з аўтараў кніжкі – прафесара Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Валерыя Чарапіцы. Пазней аўдыёфрагмент быў змешчаны на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Ленінскі РАУС пачаў па гэтым факце ў дачыненні Мялешкі адміністрацыйную справу.

На судовым працэсе першым сведкам выступаў загадчык кафедры славянскіх дзяржаваў Валерый Чарапіца, які пацвердзіў факт таго, што даваў каментар Мялешку. Іншая ж сведка – Тамара Піваврчык зусім заблыталася ў сваіх паказаннях. Так, у пратаколе апытання, складзеным міліцыяй, яна сцвярджала, што дакладна бачыла, як Мялешка браў інтэрв’ю ў Чарапіцы. На працэсе ж сцвярджала зусім адваротнае, а на пытанні суддзі не магла выразна сфармуляваць свае адказы. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што Піваварчык Тамара Анатолеўна ўзначальвае кафедру журналістыкі Гродзенскага ўніверсітэту.

   У выніку разгляду справы, якая доўжылася менш за паўтары гадзіны з перапынкам, суддзя Юрый Казакевіч, нягледзячы на адсутнасць доказаў віны Андрэя Мялешкі і неадпаведнасць адміністрацыйнага артыкулу сутнасці сітуацыі, прызнаў журналіста вінаватым і пакараў яго вялікім штрафам. Раней, 4 красавіка бягучага года, гэты ж суддзя асудзіў па тым жа артыкуле на 30 базавых штрафу іншага гродзенскага журналіста-фрылансера – Алеся Дзянісава.

Нагадаем, што гэта ўжо трэці аналагічны штраф Андрэю Мялешку за журналісцкую дзейнасць. 16 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна намеснік старшыні гэтага суда Дзмітрый Кедаль пакараў фрылансера штрафам на 30 базавых велічынь, а 7 кастрычніка ў Гродзенскім раённым судзе суддзя Ганна Лявусік вынесла журналісту пакаранне ў выглядзе штрафу памерам 35 базавых велічыняў.

   Пераслед незалежных журналістаў на Гродзеншчыне працягваецца. Чарговую справу пачаў Слонімскі РАУС у дачыненні да журналіста Алеся Залеўскага.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства