У Пінску вучыліся “ведаць свае правы”
Трэнінг “Ведай свае правы!” адбыўся ў Пінску. Гэта было чарговае з мерапрыемстваў, запланаваных брэсцкімі прадстаўнікамі праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) у рэгіёнах напярэдані Міжнароднага Дня правоў чалавека.
Удзельнікамі адукацыйнай праграмы былі сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), актывісты кампаніі “Гавары праўду!”, СПБ, экс-кандыдаты ў дэпутаты на мясцовых выбарах, а таксама прадстаўнікі грамадскасці, прадпрымальнікі і моладзь.
Паводле словаў аднаго з арганізатараў трэнінга Валянціна Лазарэнкава, калі для прадпрымальнікаў больш актуальнымі былі пытанні, звязаныя з адносінамі з кантрольнымі установамі, дык мясцовыя студэнты былі заклапочаныя выпадкамі, калі кіраўніцтва навучальнай установы пачынае цікавіцца грамадска-палітычнай актыўнасцю маладых людзей. Акрамя таго, у Пінску сёлета і прадпрымальнікі, і моладзь, і грамадскія актывісты сутыкаліся з неправамернай дзейнасцю розных органаў улады.
Падчас трэнінгу адбыліся ролевыя гульні на тэму ўзаемаадносінаў з супрацоўнкамі міліцыі (ад моманту сустрэчы на вуліцы, у грамадскіх установах або ў кватэры да з’яўлення грамадзян у аддзяленні РАУС і складання пратаколаў, сведкавых матэрыялаў і скаргаў), што дазволіла ўдзельнікам мерапрыемства атрымаць веды пра тое, якім чынам варта адстойваць свае законныя правы і інтарэсы.
Арганізатары трэнінга таксама распаўсюдзілі сярод жыхароў Пінска чарговага выпуск праваабарончага бюлетэня “Брэсцкае права”, які выдаецца ў рамках кампаніі па інфармаванні жыхароў вобласці аб стане правоў чалавека ў Беларусі.