Уладзімір Пруднікаў – сёмы аштрафаваны за ўдзел у свіслацкім Дні памяці
8 снежня Свіслацкі раённы суд аштрафаваў сябра АГП Уладзіміра Пруднікава на 10 базавых велічынь па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Свіслачы 26 кастрычніка бягучага года. Адміністрацыйны працэс, які доўжыўся каля гадзіны, вёў старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін. Ён вядомы тым, што ў 2012 годзе асудзіў некалькіх удзельнікаў традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў 1863 году да адміністрацыйнага арышту.
Уладзімір Пруднікаў – ужо сёмы аштрафаваны за ўдзел у сёлетнім Дні памяці паўстанцаў 1863 года, што прайшоў у Свіслачы і Якушоўцы. Да гэтага да штрафаў былі асуджаны Юрый Глебік са Свіслачы, Міхал Карневіч, Уладзімір Хільмановіч, Ежы Грыгенча, Віталь Лопасаў з Гродна, Віталь Гуляк з Ваўкавыску. Як мінімум яшчэ 6 чалавек чакаюць аналагічных адміністрацыйных працэсаў.