viasna on patreon

Брэст: “круглы стол” напярэдадні Дня правоў чалавека (фота)

2014 2014-12-10T11:25:38+0300 2014-12-10T11:25:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/brest-krugly-stol-1.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мерапрыемства пад назвай “Сучасны стан і новыя выклікі ў праваабарончай дзейнасці” было зладжана паводле ініцыятывы прадстаўнікоў РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”.

Сярод удзельнікаў “круглага стала” апынуліся не толькі праваабаронцы, але і прадстаўнікі палітычных партый (АГП, БСДП (Грамада), “Справядлівы свет”) грамадскіх арганізацый і ініцыятыў (“Гавары праўду!”, Рух “За Свабоду”), незалежных прафсаюзаў (РЭП, СПБ), а таксама журналісты. Як зазначыў адзін з арганізатараў сустрэчы Ігар Маслоўскі, Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека застаецца асноўнай крыніцай глабальных стандартаў правоў чалавека. “У ёй абвяшчаюцца мэты і прынцыпы, але разам з тым вялікая колькасць законаў і прававых дакументаў заснаваныя менавіта на прынцыпах, абвешчаных ва Усеагульнай Дэкларацыі”,- распавёў пра каштоўнасці гэтага дакумента Маслоўскі.

Па меркаванні ўдзельнікаў “круглага стала” істотных зменаў у галіне выканання і павагі да правоў чалавека ў Брэсцкім рэгіёне на працягу года не адбылося. У прыватнасці, пад забаронай знаходзіцца тэма правядзення масавых мерапрыемстваў: практычна ўсе пададзеныя заяўкі на масавыя мерапрыемствы мясцовымі ўладамі не былі задаволеныя. Практыка мінулага года, калі ўпершыню за апошнія 13 гадоў улады дазволілі мясцовым сацыял-дэмакратам першамайскую дэманстрацыю, не атрымала працяг. Увогуле ж за год было дазволена толькі два пікеты.

Праваабаронцы адзначылі, што адно з асноўных правоў – абіраць і быць абраным – нават на мясцовых выбарах засталося правам на паперы, а не ў рэчаіснасці. Мясцовыя выбары прайшлі па старым сцэнары, а назіральнікі зафіксавалі сотні парушэнняў. Удзельнікі “круглага стала” таксам адзначалі, што мясцовыя ўлады падтрымалі агульную тэндэнцыю і пачалі пераследваць незалежных журналістаў за іх прафесійную дзейнасць, а органы пракуратуры таксама вынесла два папярэджанні за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Не лепшым чынам складваецца сітуацыя і ў дачыненні да сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян. Сёлета ў Брэсце зафіксаваны выпадкі масавых парушэнняў правоў уласнікаў, якія ледзь не прымусова былі выселеныя з цэнтра горада ў іншыя месцы. Таксама масавай была тэндэнцыя, калі ў арэнду былі здадзеныя прыродныя водныя аб’екты (часткі рэк і азёр) без уліку меркаванняў грамадзян. Падчас “круглага стала” абмяркоўваліся таксама пытанні выкангання правоў на бясплатную і якасную адукацыю, ахову здароўя.

На думку ўдзельнікаў мерапрыемства, усе механізмы прыняцця рашэнняў не адпавядаюць патрабаванням часу і не з’яўляюцца публічнымі. Нават калі гарадскія ўлады абвяшчаюць грамадскія слуханні, гэта не ўплывае на далейшае прыняцце рашэнняў.

“Усе ўдзельнікі “круглага стала” выказаліся за цеснае супрацоўніцтва па абароне і выкананні правоў чалавека, а таксама дамовіліся спрыяць распаўсюджванню дакладнай і праўдзівай інфармацыі. У бліжэйшы час мясцовым органам улады будуць накіраваны прапановы па арганізацыі пастаяннага агульнагарадскога “круглага стала” ў галіне правоў чалавека”, - падвёў вынікі сустрэчы Ігар Маслоўскі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства