"Вясна" запусціла праваабарончы відэапраект - "Кухня"
Праваабарончы цэнтр “Вясна” пачынае цыкл відэапраграм “Кухня TV”.
Кухня як месца для сустрэчаў прыхільнікаў і аднадумцаў.
Кухня як пляцоўка для шчырых і набалелых выказванняў.
Кухня як спосаб выпрацоўкі рэцэптаў сумесных дзеянняў у сучасных варунках.
Такім чынам, “Кухня TV” – гэта своеасаблівыя “круглыя сталы” з удзелам беларускіх праваабронцаў, прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, абмеркаванні найбольш актуальных і наспелых у грамадстве пытанняў.
Адзін з ініцыятараў і ўдзельнікаў відэапраекту “Кухня TV” намеснік старшыні ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч кажа: “Кухня яшчэ з савецкіх часоў з’яўляецца сімвалам нон-канфармізму і ўнутранай эміграцыі. Але мы не эмігранты, мы не староннія і бяздзейсныя назіральнікі за тым, што адбываецца ў нашай краіне, па меры магчымасцяў мы спрабуем ўплываць на беларускае грамадства, актыўна супрацоўнічаем з міжнароднымі арганізацыямі, заклікалі і заклікаем беларускія ўлады кіравацца міжнароднымі абавязацельствамі, якія яны ўзялі на сябе ў галіне правоў чалавека”.