У Баранавічах віншавалі з Днём правоў чалавека (фота)
Нягледзячы на афіцыйную забарону ў правядзенні пікета 10 снежня, праваабаронцы і грамадскія актывісты горада Баранавічы правялі акцыю з нагоды 66-х угодкаў прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Актывісты раздавалі грамадзянам кніжачкі з тэкстам Дэкларацыі, а таксама інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя праваабарончай тэматыцы.
– Артыкул 19 Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абвяшчаюць права кожнага чалавека на свабоду поглядаў, перакананняў і на іх свабоднае выказванне. Таму мы сёння, 10 снежня, вырашылі павіншаваць нашых жыхароў горада Баранавічы з Міжнародным днём правоў чалавека. Падчас сустрэч на вуліцы мы не толькі віншавалі людзей са святам, але і дыскутавалі па праблемах кантрактнай сістэмы, пасіўнасці дзяржаўных прафсаюзаў, безабароннасці працоўных і іх няўменні адстойваць свае правы. Абсалютная большасць людзей прыязна ўспрымалі нашу дзейнасць і падкрэслівалі, што ў працоўных сёння ёсць толькі абавязкі, а правоў няма, – пракаментаваў праваабаронца Сяргей Гоўша.