Гомельскія праваабаронцы намераны змагацца з дыскрымінацыяй цыганоў праз суды
10 снежня, у Дзень правоў чалавека, гомельскія праваабаронцы з Праваабарончага цэнтра «Вясна», Цэнтра стратэгічнай цяжбы і Беларускага Хельсінкскага камітэта зладзілі круглы стол па праблеме дыскрымінацыі цыганоў. У Гомельскай вобласці пражывае прыкладна 3 тысячы цыганоў, з якіх каля паўтары тысячы – у Гомелі і прыгарадзе. Праваабаронцаў турбуе кампанія па дыскрымінацыі цыганскага этнасу ў СМІ, якая доўжыцца гадамі, а прадстаўнікі ўладных структур не звяртаюць на дадзены факт належнай увагі. Праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч ужо некалькі гадоў «штурмуюць» розныя інстанцыі, заклікаючы звярнуць увагу на артыкулы ў СМІ, якія дыскрымінуюць цыганоў. Так, у 2012 годзе, два гады таму, праваабаронцы накіравалі зварот у Міністэрства інфармацыі з просьбай правесці тлумачальную працу з рэдактарамі раённых і абласных газет аб недапушчальнасці ўказання ў матэрыялах нацыянальнасці правапарушальнікаў і злачынцаў. Артыкулы з загалоўкамі кшталту «Асцярожна, цыганы!» час ад часу з'яўляюцца ў рэгіянальных выданнях.
«Два гады таму Міністэрства інфармацыі адказала нам, што разбярэцца, прыме меры. Але мы гэтыя два гады сочым за публікацыямі, і сітуацыя застаецца вельмі сумнай. Хоць аўтарамі дыскрымінацыйных артыкулаў часта выступаюць супрацоўнікі РАУС, тым не менш, рэдакцыі выданняў павінны несці адказнасць за матэрыялы з заклікам «Калі ўбачыце цыганоў -адразу звяртайцеся па тэлефоне 102. Ці калі аўтары матэрыялу сцвярджаюць, нічым гэта не абгрунтоўваючы, што «цыганы схільныя да здзяйснення злачынстваў», - адзначыла Марыя Клімовіч. Яна прывяла некалькі фактаў, якія паказваюць, наколькі часам скажона перадаюць інфармацыю СМІ. Так, у брагінскай раённай газеце «Маяк Палесся» быў артыкул, у якім падаваліся звесткі, што невядомыя злачынцы скралі ў сялян коней. Тут жа аўтар артыкулу піша, што хоць асобы злачынцаў і невядомыя, але напэўна, гэта былі цыганы.
Усе удзельнікі круглага стала сышліся на думцы, што дзяржава павінна з павагай ставіцца да сваіх грамадзян, якой бы яны не былі нацыянальнасці.
Васіль Палякоў, які прадстаўляў на мерапрыемстве Цэнтр стратэгічнай цяжбы, прапанаваў звярнуцца па фактах дыскрымінацыі цыганоў у суд і паспрабаваць дамагчыся кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды. Можа, такая мера паўплывае на тое, каб пераламаць сітуацыю з дыскрымінацыяй. Цыганам, якія вырашаюць дамагчыся справядлівасці праз суд, Цэнтр стратэгічнай цяжбы абяцае прававую падтрымку на ўсіх этапах.
Праваабаронца, сябра БХК Алесь Яўсеенка акрэсліў асноўныя праблемы цыганоў: адукацыя, працаўладкаванне, атрыманне сацыяльнай і медыцынскай дапамогі. «Няма адукацыі – не знойдзеш працу, нават чорнарабочым. Праблемы з дакументамі - не атрымаеш ніякай дапамогі. Гэта замкнутае кола, выйсці з якога цыганы самастойна не змогуць, і нам трэба ім дапамагчы», - падкрэсліў праваабаронца.
Ён дадаў, што часта вельмі складана даказаць факты дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце, напрыклад, пры ўладкаванні на працу: размова ідзе сам-насам, і цяжка потым нешта давесці. Прадстаўнік цыганскай нацыянальнасці Вячаслаў Ануфрыеў распавёў прысутным, з якой цяжкасцю ён знаходзіць працу, нават такую, дзе заробак складае каля мільёна ці паўтары мільёны рублёў. Сутыкалася з такімі праблемамі і яго жонка, якой проста ў вочы сказалі, што «Нам цыганы не патрэбныя, ужо былі такія ў нас!».
Праваабаронца Анатоль Паплаўны нагадаў, што ў РБ плануецца так званая барацьба з дармаедамі, і калі за гэта ўвядуць адказнасць, нават адміністрацыйную, то цыганам будзе вельмі нялёгка.
Напрыканцы сустрэчы праваабаронцы падпісалі сумесны зварот у Міністэрства інфармацыі, у якім канстатуюць, што ў СМІ працягваецца кампанія цыганафобіі. «Просім вас такім ці іншым чынам давесці да рэдактараў дзяржаўных СМІ, што пазначаць нацыянальную прыналежнасць злачынцаў, а тым больш свядома фармаваць вобраз «злачыннай нацыі» неэтычна і супрацьзаконна. Прапануем вам будаваць інфармацыйную палітыку такім чынам, каб у СМІ як мага часцей з'яўляліся матэрыялы, накіраваныя супраць дыскрымінацыі і міжнацыянальнага недаверу», - просяць праваабаронцы.