viasna on patreon

Шклоў: Рыгора Кастусёва будуць судзіць

2014 2014-12-16T13:07:09+0300 2014-12-16T13:07:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kastusiourygor.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

16 снежня ў памяшканні Шклоўскага РАУС супрацоўнікі мясцовай міліцыі азнаёмілі намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, нібыта здзейсненым палітыкам падчас адзначэння Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года.

Таксама шклоўскія праваахоўнікі паведамілі Рыгору Кастусёву, што ўжо ў бліжэйшы час накіруюць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і іншыя доказы “супрацьпраўных паводзін” палітыка для разгляду ў суд Шклоўскага раёна.

Па словах Рыгора Кастусёва, супрацоўнікі Шклоўскай міліцыі паводзілі сябе ў адносінах да яго карэктна. Яны паведамілі спадару Кастусёву, што пратакол аб здзейсненым ім адміністрацыйным правапарушэнні са Свіслачы прыходзіць ужо другі раз, бо першы раз дакумент быў складзены з парушэннямі і быў вернуты шклоўскімі міліцыянерамі сваім свіслацкім калегам для дапрацоўкі. Паўторна са Свіслачы ў Шклоў накіравалі ўжо не толькі дапрацаваны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, але і іншыя дакументы, у якіх распавядаецца пра “віну” Кастусёва, а таксама дыск з відэазапісам мерапрыемства ў Свіслачы.

Спадар Кастусёў кажа, што ў яго асабіста вялікае абурэнне выклікае тое, што супрацоўнікі міліцыі, замест таго, каб займацца сапраўднымі злачынцамі – карупцыянерамі, наркадылерамі і г. д. - займаецца тым, што пераследуе апазіцыянераў, а на астатнія рэчы не звяртае ўвагі. Таксама Рыгора Кастусёва абурыла тое, што на прадстаўленым са Свіслачы відэаматэрыяле ў якасці доказаў правапарушэння былі і здымкі з пахавання мясцовага грамадскага актывіста Віктара Дзесяціка, якога яго паплечнікі сёлета праводзілі ў апошні шлях якраз у Дзень памяці герояў.

Нагадаем, што 15 снежня на кватэру намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў Шклове завіталі два супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Яны пакінулі сваякам палітыка позву, у якой абавязалі Рыгора Кастусёва прыбыць у Шклоўскі РАУС 16 снежня ў 12-00, бо ў райаддзел даслалі са Свіслачы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, быццам бы здзейсненым Рыгорам Кастусёвым.

У Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і Рыгор Кастусёў.

Увесь час на мерапрыемстве ад могілак у Свіслачы да сканчэння мэрапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў адзначэння Дня памяці ў Свіслачы ўжо пакараныя вялікімі штрафамі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства