Выдавец газеты “Вольны горад” накіраваў касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд
Выдавец крычаўскай незалежднай газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў 17 снежня накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 8 снежня па пазову начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда.
Выдавец “Вольнага горада” просіць судовую калегію адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна і спыніць вытворчасць па справе, спагнаць з Марыны Максімавай выплачаную ім дзяржпошліну ў памеры 225 000 рублёў, а таксама вынесці прыватнае вызначэнне на адрас суддзі суда Крычаўскага раёна Алены Азаранка за недастатковы прафесіяналізм.
Уладзімір Кудраўцаў лічыць, што пры прыёме да разгляду і разглядзе пазову Марыны Максімавай ў судзе Крычаўскага раёна былі дапушчаны пэўныя парушэнні, не былі прынятыя да ўвагі і адхілены многія хадайніцтвы журналістаў “Вольнага горада”. Выдавец “Вольнага горада” спадзяецца, што ўсе гэтыя абставіны будуць улічаны судовай калегіяй па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда, і рашэнне суда Крычаўскага раёна будзе адменена.
Нагадаем, што суддзя суда Крычаўскага раёна Алена Азаранка 8 снежня вынесла рашэнне спагнаць з журналістаў газеты “Вольны горад” - яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія кампенсацыю за нанесеныя Марыне Максімавай маральныя страты ў памеры 7 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў, і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 3 600 000 рублёў.
Падставай для падачы пазову стаў размешчаны 14 верасня 2014 года на інтэрнэт-сайце газеты “Вольны горад” артыкул “Не ў сваім крэсле?”, дзе выказвалася меркаванне, што начальнік ідэалагічнага аддзела ў “ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах”. Аналагічны артыкул быў змешчаны таксама і ў друкаваным нумары выдання. У артыкуле журналіст газеты “Вольны горад” Васіль Чуб (псеўданім Мікалая Гердзія) уздымаў тэму замоўчвання ўладамі Крычаўскага раёна і дзяржаўнай раёнкай “Крычаўскае жыццё” інфармацыі пра наступствы абвалу будынку актавай залы і сталовай мясцовай гімназіі, а таксама праблему інфармавання насельніцтва пра захады ўладаў дзеля вырашэння гэтых праблем. Ён пісаў, што прычыны абрынання і праблемы арганізацыі навучальнага працэсу хвалююць большасць насельніцтва Крычаўскага раёна, аднак мясцовыя ўлады чамусьці гэтую тэму абыходзяць увагай.