viasna on patreon

У Беларусі з’явіўся новы палітычны зняволены – Юрый Рубцоў

2014 2014-12-23T15:55:33+0300 2015-01-21T14:49:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna-bhk-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінск, 23 снежня 2014 г. 

21 снежня стала вядома аб накіраванні гомельскага грамадскага актывіста Юрыя Рубцова ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

6 кастрычніка бягучага года Юрый Рубцоў  быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска па арт. 391 Крымінальнага кодэкса (знявага суддзі ці народнага засядацеля) на 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытыга тыпу.

Крымінальны пераслед Юрыя Рубцова звязаны з ягоным адвольным затрыманнем 26 красавіка 2014 года падчас санкцыянаванага мірнага сходу “Чарнобыльскі шлях” за майку з надпісам “Лукашенко, уходи!” і асуджэннем на 25 сутак адміністрацыйнага арышту суддзёй суда Савецкага раёна Мінска Кірылам Палулехам. Згодна з прад’яўленым Юрыю Рубцову абвінавачваннем, падчас судовага разбіральніцтва ён дапусціў абразлівыя выказванні ў адрас суддзі Кірыла Полулеха. Важна адзначыць, што ў суд Юры Рубцоў быў дастаўлены аголены па пояс, у выглядзе, які абражаў ягоную чалавечую годнасць, а суддзя пры гэтым не прыняў ніякіх мер, скіраваных на абарону ягоных правоў, а таксама на ягоныя просьбы выдаць яму акуляры для азнаямлення з матэрыяламі справы. Дзеянні суддзі відавочна супярэчылі Кодэксу Рэспублікі Беларусь “Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў”, а таксама Кодэксу гонару суддзі Рэспублікі Беларусь. У сувязі з грубым парушэннем сваіх правоў Юрый Рубцоў выказаў цалкам абгрунтаваную незадаволеннасць і пратэст, назваўшы падобныя судовыя працэсы “судзілішчам”, а суддзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэнні, “падонкамі”.  Дадзеныя словы былі інтэрпрэтаваныя як выказванні, скіраваныя персанальна ў адрас суддзі К. Палулеха, пры гэтым заўвагі Юрыя Рубцова да пратакола судовага паседжання, накіраваныя ім у суд, былі адхіленыя гэтым жа суддзёй, як неабгрунтаваныя.

У аснову вынесенага прысуду былі пакладзены выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі (у тым ліку тых, якія “сведчылі” на працэсе 28 красавіка), сакратара судовага паседжання і самога суддзі К. Палулеха. Ні падчас папярэднягя следства, ні падчас судовага разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы не быў дапытаны як сведка адвакат Юрыя Рубцова, якія ўдзельнічаў падчас разгляду справы 28 красавіка ў якасці ягонага абаронцы. Ніякіх працэсуальных перашкодаў да допыту адваката ў якасці сведкі згодна з дзеючым Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам не было.

Мы лічым, што следства і судовы працэс па справе Юрыя Рубцова насілі абвінаваўчы ухіл, не былі прыняты меры для ўсебаковага і бесстаронняга разгляду, што з’яўляецца адным з неабходных складнікаў справядлівага судовага разбіральніцтва.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РГА “Беларускі Беларускі Хельсінскі камітэт” заяўляюць:

Пераслед Юрыя Рубцова наўпрост звязаны з незаконнай практыкай адвольных затрыманняў і з’яўляецца палітычна матываваным;

Судовы працэс над Юрыем Рубцовым не адпавядаў асноўным прынцыпам справядлівага судовага разбіральніцтва;

Абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязня.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”патрабуюць вызвалення Юрыя Рубцова і перагляду ягонай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбіральніцтва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства