Татальнай высечкі салігорскага лесапарку не будзе
Салігорскія ўлады здолелі пераканаць вышэйшае кіраўніцтва краіны ў неабходнасці пашырэння межаў горада за кошт ворных земляў ААТ “Старобінскі”, пра што яны паведамілі мясцовай прэсе. Атрыманне гэтага дазволу выратуе гарадскі лесапарк ад татальнага знішчэння.
Пасля чэрвеньскага наведвання дзеючым кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам беларускай сталіцы шахцёраў і пазнейшых яго заяў аб тым, што “лепш лес падсекчы і там будаваць, чым заняць землі сяльгаспрызначэння”, лёс салігорскага катэгарыйнага лесапарку апынуўся літаральна на валаску. Мясцовыя ўлады адразу прыпынілі забудову новага мікрараёна ў чыстым полі і аднавілі планы па знішчэнні рэкрэацыйнай зоны па вуліцы Лясной.
Актывісты кампаніі “Абаронім лес” пачалі біць трывогу ды рыхтаваць адпаведныя звароты ў прыродаахоўныя інстанцыі. Зрэшты, з нефармальных гутарак з чыноўнікамі стала вядома аб іх разуменні бесперспектыўнасці агучаных кіраўніком краіны тэзісаў прымяняльна да Салігорску. Пазней сам кіраўнік Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі заявіў аб магчымасці пашырэння гораду выключна ў бок трасы Мінск - Мікашэвічы за кошт ворных земляў. Цяпер гэтае пытанне з’яўляецца канчаткова вырашаным і будаўнікі вядуць актыўныя працы над інжынернымі камунікацыямі для новых мікрараёнаў.
Зрэшты, ад планаў па кропкавым ушчыльненні гарадской забудовы і ачаговай весечцы гарадскога лесапарку мясцовыя ўлады не адмовіліся. Актывісты кампаніі “Абаронім лес” у сваю чаргу абяцаюць пільны грамадскі кантроль дзейнасці чыноўнікаў, якая можа абмяжоўваць права гараджан на здаровы навакольны асяродак.