viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Свабоднае слова забіваюць па-рознаму

2015 2015-01-08T14:53:01+0300 2015-01-09T11:34:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki_zhaloba-paryzh-08.01.2015-a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ля амбасады Францыі ў Мінску 8 студзеня 2015

Алесь Бяляцкі ля амбасады Францыі ў Мінску 8 студзеня 2015

8 студзеня кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі разам з калегамі прыйшоў да амбасады Францыі ў Менску, каб ускласці кветкі ды запаліць свечку ў памяць аб ахвярах тэракту ў рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo, які напярэдадні адбыўся ў Парыжы.   

Выказваючы спачуванні Парыжу, як і ўсёй Францыі, дзе сённяшні дзень абвешчаны нацыянальным днём жалобы, праваабаронца падкрэсліў, што гэты горад не чужы для “Вясны”. “Для нас гэта вялікі ўдар яшчэ і таму, што мы з’яўляемся сябрамі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, штаб-кватэра якой знаходзіцца якраз у 11-й акрузе Парыжа, дзе адбыўся гэты тэракт. І Парыж з’яўляецца сэрцам самой ідэі правоў чалавека, там у 1948 годзе прымалася Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека”.    

У 11-й акрузе французскай сталіцы, па рашэнні акруговай мэрыі, амаль два гады вісеў партрэт Алеся Бяляцкага – як праява салідарнасці Парыжа з беларускім палітвязнем. І менавіта з ініцыятывы мэрыі 11-й акругі праваабаронца стаў Ганаровым грамадзянінам Парыжа. “Недарэмна рэдакцыя часопіса Charlie Hebdo, які заўжды вызначаўся сваім нонканфармізмам, знаходзілася там - гэта свабодная тэрыторыя, дзе свабоднае слова пачувалася вольна. Гэтае выданне ў нечым нагадвае мне нашыя колішнія “Навінкі” [беларуская незалежная палітыка-сатырычная газета, якая выдавалася ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў – рэд.], яны ўмелі паглядзець на праблему з іншага, нечаканага ракурсу, з доляй гумару падысці да сур’ёзных рэчаў”.

Тэракт у рэдакцыі Charlie Hebdo французы ўжо назвалі “самым абуральным у краіне замахам на свабоду слова за апошнія паўстагоддзя” і шматтысячнай маніфестацыяй выйшлі  на плошчу Рэспублікі – на знак салідарнасці з супрацоўнікамі часопісу і ў абарону свабоды слова і прэсы.

“Ідэі дэмакратыі, правоў і свабодаў  чалавека неад’емныя ад парыжанаў. Таму яны і надаюць вялікую ўвагу правам чалавека ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі”, - зазначае Алесь Бяляцкі.   

Трагічнае здарэнне ў рэдакцыі Charlie Hebdo кіраўнік “Вясны” і віцэ-прэзідэнт FIDH назваў спробай забіць свабоду слова, падкрэсліўшы, што са свабодай слова змагаюцца рознымі спосабамі. “Спробы абмежаваць свабоду слова розным чынам, пачынаючы ад забойства журналістаў і сканчаючы антыдэмакратычнымі законамі, абмежаваннямі інтэрнэту, судовым пераследам незалежных журналістаў, – гэта тое, супраць чаго павінна актыўна змагацца ўсё грамадства, як у Францыі, так і ў Беларусі”.  


Нагадаем, раніцай 7 студзеня трое баевікоў у масках здзейснілі напад на офіс рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo, расстраляўшы з аўтаматаў 12 чалавек - десяць журналістаў і двое паліцэйскіх, якія ахоўвалі будынак. Яшчэ 11 чалавек атрымалі раненні. Сярод загінулых - чацвёра вядомых французскіх карыкатурыстаў.

Алесь Бяляцкі ля амбасады Францыі ў Мінску 8 студзеня 2015
Сябры "Вясны" ля амбасады Францыі ў Мінску 8 студзеня 2015
Ля амбасады Францыі ў Мінску 8 студзеня 2015

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства