Гомель: грамадскі актывіст судзіцца з падаткавай інспекцыяй
Гомельскі грамадскі актывіст Юрый Клімовіч падаў іск у суд Цэнтральнага раёна на рашэнне раённай інспекцыі па падатках і зборах. Заяўнік просіць суд прызнаць прэтэнзіі да прыватнага прадпрыемства «Бел-Ост», якое ён заснаваў і ўзначальваў, неабгрунтаванымі і адмяніць рашэнне падаткавай.
Нагадаем, у верасні 2014 года грамадскі актывіст, былы каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Юрый Клімовіч даведаўся, што ён павінны дзяржаве 142 мільёны рублёў. Выявілася, што падатковыя органы правялі праверку дзейнасці прадпрыемства, якое 10 гадоў таму заснаваў і ўзначальваў грамадскі актывіст, і знайшлі там хібы. На падставе нейкай раздрукоўкі дакументаў з банку за 2003 год падатковая прыйшла да высновы, што Юрый Клімовіч не даплаціў падаткі. Яму прад'явілі да аплаты 16 мільёнаў падаткаў і налічылі 120 мільёнаў пені за гэтыя 10 гадоў, і яшчэ 6 мільёнаў дзяржаўнай пошліны. Такім чынам, зараз грамадскі актывіст застаўся вінны 142 мільёны рублёў.
Юрый Клімовіч лічыць, што гэтыя прэтэнзіі вылучаны з-за яго актыўнай палітычнай дзейнасці, бо за дзесяць папярэдніх гадоў ніякіх прэтэнзій ні да яго, ні да прадпрыемства не было. Ён спрабаваў балатавацца ў дэпутаты мясцовых Саветаў у 2010 годзе, а потым быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. «Вось і пачалі нешта шукаць, здабываць на мяне. Тры паседжанні эканамічнага суда праходзілі без майго ўдзелу. У судзе патлумачылі – мне, маўляў, дасылалі позвы, але на адрас, дзе я не жыву ўжо 14 гадоў! І гэта пры тым, што я нідзе не хаваўся, жыву па месцы рэгістрацыі, маю тэлефоны, зарэгістраваныя на маё імя», - звяртае ўвагу грамадскі актывіст.
У пачатку 2000-х ён быў дырэктарам прыватнага вытворча-камерцыйнага унітарнага прадпрыемства «Бел-Ост». У 2004 годзе прадпрыемства спыніла сваю дзейнасць - супрацоўнікі былі звольненыя, як, зрэшты, і сам дырэктар. І вось зараз пачаліся праблемы.
13 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна прайшла папярэдняе пасяджэнне па грамадзянскай справе. Разглядалася пытанне – хто такі Юрый Клімовіч, ці мае ён права падаваць іск у дачыненні да падаткавай. Маўляў, вы ж не юрыдычная асоба зараз, а фізічная.
«На судзе высвятляецца, што я з'яўляюся адказчыкам і павінен 142 мільёны рублёў дзяржаве па рашэнні падаткавай. Адначасова я не маю юрыдычных падстаў, каб нейкім чынам абскардзіць дадзеную суму! Тут усе залежыць ад нейкіх уплываўпа-за судом. Такое складваецца меркаванне, што суддзі не вольныя ў прыняцці рашэнняў, і як будзе вызначана пэўнымі коламі – такое і будзе судовае рашэнне. Прадпрыемства «Бел-Ост»» не існуе з 3 лістапада 2004 года. Я пра гэта нават не ведаў – нават гэта да майго ведама не давялі. Прадпрыемства не існуе, мяне як юрыдычнай асобы няма – як і сказалі на судзе, але плаціць я павінен, і абскардзіць гэта не магу. Усё зводзіцца на судзе да юрыдычнай казуістыкі. Справа цягнецца ўжо год. Гэта як гульня ў «напарсткі» - спачатку мяне адхіляюць ад кіравання ўласным прадпрыемствам, прызначаецца крызісны ўпраўляючы, які падпісвае ўсе дакументы і прызнае ўсе прэтэнзіі, а потым падае ў суд на мяне асабіста. Зараз, калі я падаю ў суд на падаткавую, на судзе мне задаецца пытанне: «А ты хто такі?», -- пракаментаваў Юрый Клімовіч.
Праваабаронца Алесь Яўсеенка лічыць, што «ідзе нейкая гульня». «Калі ён, Юрый Клімовіч – ніхто, як ставіцца пытанне на судзе, то чаму з яго спаганяюць 142 мільёны? Справа, хутчэй за ўсё, мае замоўны характар, інакш не патлумачыш. Дзесяць гадоў прайшло, як фірма спыніла дзейнасць, і толькі зараз да яго прад'яўляюць прэтэнзіі. Выходзіць, што эканамічныя прэтэнзіі да апазіцыянераў не маюць тэрміна даўніны? Звычайна такія прэтэнзіі, грамадзянскія, маюць тэрмін тры гады даўніны. А тут дзесяць гадоў прайшло», - адзначыў праваабаронца.
Судовае пасяджэнне прызначана на 2 лютага.