Уладзімір Лемеш спадзяецца на кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартай
Напачатку студзеня адбыўся паўторны разгляд справы супраць мясцовага актывіста “Еўрапейскай Беларусі”Уладзіміра Лемеша, падчас якога суд Салігорскага раёна спыніў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні “за недаказанасцю вінаватасці”. Цяпер апазіцыянер збіраецца вярнуць сродкі за раней сплочаны штраф і спадзяецца на кампенсацыю за праведзеныя суткі ў ізалятары часовага ўтрымання.
- Бліжэшымі днямі мне мусяць выдаць матывіровачную частку да пастановы суда Салігорскага раёна аб маёй невінаватасці. Пасля яе атрымання буду накіроўваць адпаведныя заявы на вяртанне ўжо сплочанага мною штрафа і сплочаных грошай за ўтрыманне ў ІЧУ. Улічваючы апошнюю дэвальвацыю, буду патрабаваць індэксацыі гэтых сродкаў. Таксама спадзяюся атрымаць кампенсацыю за маральную шкоду, нанесеную мне незаконным утрыманнем у ізалятары, - кажа Уладзімір Лемеш.
Зрэшты, казаць аб канчатковай перамозе актывіста зарана. Рашэнне суда Салігорскага раёна можа быць абскарджана кіраўніцтвам Салігорскага РАУС ці пракуратурай у Мінскім абласным судзе. Калі гэта адбудзецца, тады Уладзіміра Лемеша наперадзе яшчэ будуць чакаць доўгія судовыя разбіральніцтвы.