КС Беларусі прыслухаўся да голасу праваабаронцаў і грамадскасці ў пытанні законатворчасці на беларускай мове
20 студзеня старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч агучваючы штогадовае пасланне прэзідэнту Беларусі і абедзвюм палатам парламента «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе» паведаміў, што КС Беларусі лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах, Пра гэта сёння інфармуе БелТА.
«Канстытуцыйны суд мяркуе, што для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі арт.17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў», — сказаў Міклашэвіч.
«У нас Канстытуцыя гарантуе роўнасць дзвюх моў … Хто памятае, у савецкія часы ў нас кодэксы складаліся з дзвюх частак. У першай нормы выкладаліся на беларускай мове, а ў другой — на рускай», — растлумачыў журналістам старшыня КС.
Пётр Міклашэвіч дадаў, што Канстытуцыйны суд, прымаючы пасланне, звярнуў увагу на тое, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца меры для далейшага развіцця беларускай мовы. Таму ў КС вырашылі, што і ў юрыдычнай сферы таксама трэба зрабіць нейкія захады.
Пётр Міклашэвіч адзначыў, што наяўнасць законаў на дзвюх мовах дапаможа пры неабходнасці весці судаводства і на беларускай мове.
Праваабаронцы вітаюць кардынальную змену пазіцыі Канстытуцыйнага суда наконт мераў для далейшага развіцця беларускай мовы, тым ліку і ў сферы стварэння заканадаўства на нацыянальнай мове. Цягам апошніх некалькіх гадоў грамадскія і праваабарончыя арганізацыі Беларусі, занепакоеныя станам беларускай мовы, неаднаразова звярталіся па гэтым пытанні ў вышэйшыя дзяржаўныя установы, у тым ліку ў Канстытуцыйны суд, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Адміністрацыю прэзідэнта.
Пытанне адсутнасці законатворчасці на беларускай мове ўздымаў перад Канстытуцыйным судом і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Ён прасіў КС прызнаць арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь “Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” не адпавядаючым арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прапанаваў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь унесці змены ў гэты артыкул, заканадаўча замацаваўшы абавязак дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь выдаваць усе нарматыўна-прававыя акты (уключна з тэкстамі законапраектаў) на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай. Адказ быў лаканічным - Палата прадстаўнікоў не будзе звяртацца ў Канстытуцыйны суд адносна дыскрымінацыі беларускамоўных.
Гэты зварот таксама быў накіраваны ў Вярхоўны суд Беларусі, Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, Савет міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта, аднак ніводзін з гэтых дзяржаўных суб'ектаў не ўбачыў прыкметаў дыскрымінацыі і парушэння правоў беларускамоўнага насельніцтва краіны.
Нарэшце Канстытуцыйны суд Беларусі прыслухаўся да голасу праваабаронцаў і грамадскасці ў пытанні законатворчасці на беларускай мове.
Матэрыялы па тэме:
Канстытутцыйны Суд прызнаў сваю неэфектыўнасць у моўным пытанні
ТБМ просіць вярнуць беларускую мову ў заканадаўчыя акты
БХК і Гары Паганяйла просяць Канстытуцыйны суд разабрацца з дыскрымінацыяй беларускай мовы