viasna on patreon

Юры Рубцоў на «хіміі» абвясьціў галадоўку пратэсту

2015 2015-01-22T10:49:11+0300 2015-01-22T10:49:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rubcou-00.jpg
Юрый Рубцоў

Юрый Рубцоў

Грамадзкі актывіст з Гомеля Юры Рубцоў, які адбывае пакараньне абмежаваньнем свабоды ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну за абразу менскага судзьдзі, абвясьціў 22 cтудзеня бястэрміновую галадоўку.

" Я ўжо месяц знаходжуся ў гэтай папраўчай установе з нібыта шчасьлівым № 7, — кажаРубцоў, — але гэтае «шчасьце» нічым не пацьвярджаецца: адміністрацыя так і не прапанавала працы з дэкляраваным цяпер у краіне сярэдні заробкам у памеры 600 даляраў. У эквіваленце, канечне. Таму ад сёньня я й абвясьціў бястэрміновую галадоўку. І галадаць буду, пакуль мне не прапануюць працу са згаданым сярэднім заробкам альбо пакуль душа не пакіне цела. Я маю права ахвяраваць сваім жыцьцём. Магчымы й такі варыянт — мяне выпусьцяць на волю, і я спыняю галадоўку. Улада павінна зразумець, што ў нас не павінна быць палітычных нявольнікаў".

Рубцоў заяўляе, што адначасна з галадоўкай і эканамічным патрабаваньнем прадставіць працу з дэкляраваным у краіне сярэднім заробкам у эквіваленце 600 даляраў, ён выстаўляе й палітычнае патрабаваньне:

«Вылучыць штодзённа гадзіну эфірнага часу на Нацыянальным тэлеканале для апазыцыі, каб яна магла пазнаёміць грамадзянаў Беларусі з альтэрнатыўным поглядам на эканамічнае і палітычнае жыцьцё ў краіне. Паводле беларускай Канстытуцыі, манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі альбо асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура іх, не дапускаецца. Многія беларусы жывуць у палоне стэрэатыпаў, навязаных афіцыйнай прапагандай. У СМІ павінны быць альтэрнатыўныя погляды, крытыка цяперашняй палітыкі Лукашэнкі».

Як мяркуе Рубцоў, людзі павінны праз тэлебачаньне пачуць , ці сапраўды ў нас годныя заробкі, нізкія кошты, найлепшая мадэль гаспадараньня. Альбо — ці зьяўляецца паўзучае абясцэньваньне рубля дабром для краіны? Усяго за пару тыдняў беларусы зьбяднелі на траціну — і гэта пасьля страшэннага абвалу нацыянальнай валюты ў 2011 годзе.

Свабода пацікавілася ў Рубцова, чаму ён прынцыпова стаіць на пазыцыі мець працу з заробкам у памеры 600 даляраў?

"Хачу пераканацца, што такі заробак ёсьць у рэальнасьці. Напярэдадні мне прапаноўвалі працу на 4,5 мільёны рублёў. Але ж гэта ж толькі палова ад дэкляраванага ўладамі сярэдняга заробку! Да таго ж зь мяне будуць вылічваць падаткі на ўтрыманьне міліцыянтаў, судзьдзяў, пракурораў — на жабрацкі заробак я не магу й не хачу падтрымліваць існуючы рэжым", —заявіў Юры Рубцоў.

У кастрычніку 2014 году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцеховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах.

Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле словаў судзьдзі, назваў яго «падонкам». Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхідіў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт заявілі, што абмежаваньне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязьня.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства