Вярхоўны суд пакінуў папярэджанне “Народнай Волі” ў сіле
Папярэджанне, вынесенае выданню 18 лістапада мінулага года, прызнанае законным. Ад гэтага моманту ў любы дзень Міністэрства інфармацыі можа звярнуцца ў суд з зыскам пра закрыццё газеты.
Рашэнне адхіліць заяву “Народнай волі” аб прызнанні папярэджання Мінінфарма несапраўдным прыняла суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Алена Кастрама 23 студзеня.
Папярэджанне тычылася аўтарскага артыкула “На цепь!” ад 3 кастрычніка мінулага года. Матэрыял быў размешчаны ў аўтарскай калонцы публіцысткі Святланы Калінкінай і прысвячаўся будучай ратыфікацыі дамовы пра стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза.
У сваёй калонцы публіцыстка звяртала ўвагу чытачоў на цьмяны парадак выхаду краінаў з дамовы пра Еўразійскі эканамічны саюз. (На момант публікацыі дамова чакала ратыфікацыі беларускім парламентам). Міністэрства інфармацыі ўбачыла ў аўтарскім меркаванні парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзянаў і магчымае нанясенне шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
У часе судовага разгляду справы прадстаўнікі “Народнай Волі” некалькі разоў звярталі ўвагу на тое, што распаўсюду непраўдзівай інфармацыі ў дадзеным артыкуле не было. У матэрыяле толькі выказвалася меркаванне адной з самых вядомых беларускіх публіцыстак, накіраванае на прыцягненне ўвагі да падпісання дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе.
Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі – Юрый Бябешка, Вікторыя Мялешка і Юлія Кочына – пазіцыі не змянілі і папрасілі адхіліць заяву выдання.
Цяпер, паводле патрабавання Міністэрства інфармацыі, “Народная Воля” ў дзесяцідзённы тэрмін павінна будзе надрукаваць афіцыйнае абвяржэнне. Апроч гэтага, цяпер Мінінфармацыі ў любы час зможа звярнуцца ў той жа Вярхоўны суд з зыскам пра закрыццё выдання. Такое права Мінінфарму прадастаўляе закон “Аб СМІ”, бо вынесенае папярэджанне было ўжо другім на працягу года.
Самі ж прадстаўнікі “Народнай Волі” лічаць папярэджанне парушэннем свабоды галоснасці і права на выказванне меркаванняў.
– Не памятаю, каб цягам апошніх дзесяці год які-кольвек суд у спрэчках з Міністэрствам інфармацыі станавіўся на бок выдання. На гэты конт у нашай краіне ўжо склалася сумная традыцыя, якую працягнула і сённяшняе рашэнне. Вельмі шкада, што так адбылося, бо папярэджанне Міністэрства інфармацыі было, на маю думку, незаконным і абмяжоўвала права на свабоду выказвання, – пракаментаваў рашэнне прадстаўнік “Народнай волі” ў судзе, намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.
Вынесенае 23 студзеня рашэнне яшчэ можа быць абскарджана ў Калегію Вярхоўнага суда Беларусі ў касацыйным парадку. Прадстаўнікі “Народнай Волі” заяўляюць, што збіраюцца гэтым правам скарыстацца.