Адміністрацыя камендатуры па-ранейшаму не фіксуе галадоўку Юрыя Рубцова
Палітвязень Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна, галадае з 22 студзеня. Тым не менш афіцыйна галадоўка адміністрацыяй камендатуры не зарэгістравана. Не зафіксана гэта і ў медычнай установе. Кіраўніцтва камендатуры атрымала 24 студзеня заяву Рубцова, дзе ён указвае не толькі прычыну галадоўкі, але і патрабуе яе афіцыйнай фіксацыі як камендатурай, так і медычнай установай. Па словах Рубцова, пакуль няма ніякай рэакцыі як з боку адміністрацыі, так і з боку медыкаў. Дазволілі толькі ляжаць на ложку. У яго пачала балець галава, а ў астатнім Юрый Рубцоў адчувае сябе здавальняюча.
Нагодай для галадоўкі Юрый Рубцоў называе адсутнасць працы з афіцыйным сярэднім заробкам 600 долараў. Актывіст таксама вылучыў патрабаванне даць гадзіну тэлеэфіру для апазіцыі ў перадвыбарчы год.