У Магілёве ўдалося адстояць дамы, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю
У Магілёве дом па вуліцы Лазарэнкі, 15 застаецца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пра гэта паведаміў магілёўскі праваабаронца Уладзімір Краўчанка.
Ён адзначае, што за яго прыйшлося доўга паваяваць, бо магілёўскія чыноўнікі і супрацоўнікі Міністэрства культуры планавалі непапраўнае – вывесці яго са статуса “знаходзіцца пад аховай дзяржавы”, каб новы ўласнік дома рабіў з ім усё, што палічыць патрэбным.
Справа ўжо амаль была даведзена да фінала і неаднаразова анансавалася ў СМІ, пакуль у ход падзей не ўмяшалася Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.
-Была пададзена скарга ў Генеральную пракуратуру ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў з мэтай не дапусціць руйнавання шэрагу будынкаў у Беларусі. У пералік быў уключаны і дом па вуліцы Лазарэнкі, 15. Гэтая сарга мела станоўчы вынік, і дом застаўся ў спісе аб’ектаў, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай спадчынай і ахоўваюцца дзяржавай, - кажа Уладзімір Краўчанка.
Пакуль ішлі разбіральніцтвы -- выводзіць дом з гэтага спісу ці не,новы ўласнік надбудаваў над домам дадатковы паверх, якога ніколі раней не было і які зусім не ўпісваецца ў гістарычнае аблічча дома.
Уладзімір Краўчанка адзначае, што з гэтай нагоды рыхтуе чарговую скаргу. Ад магілёўскіх чыноўнікаў ён будзе патрабаваць знесці гэты паверх і вярнуць будынку першапачатковае гістарычнае аблічча.
Тым часам стала вядома, што ўсе чатыры дамы, якія знаходзяцца на няцотным баку вуліцы Лазарэнкі, захавалі за сабой статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якога іх хацелі пазбавіць магілёўскія чыноўнікі.
Варта дадаць, што дом па вуліцы Лазарэнкі, 15 з’яўляецца дарэвалюцыйным помнікам грамадзянскай архітэктуры.